4-дзённы рэжым працы ўсталяваны на прадпрыемствах Ваўкавыска



Адміністрацыі акцыянернага таварыства “Ваўмет” і завода КСОМ у сувязі з цяжкім фінансава-эканамічным становішчам вымушаюць супрацоўнікаў пісаць заявы аб дабраахвотным жаданні працаваць у рэжыме скарочанага тыдня.

На думку намесніка старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргея Антусевіча, гэта з’яўляецца парушэннем працоўнага заканадаўства, у связі з чым працоўныя маюць поўнае права адстойваць свае інтарэсы:

 – Ад чалавека залежыць: ставіцца да гэтага прынцыпова ці трываць, ісці ў гэты адпачынак і цярпець. Натуральна, што сітуацыя звязаная перш за ўсё з расейскім крызісам. Нашы работнікі церпяць, трываюць, хоць нейкія заробкі атрымліваюць.

Асноўныя прычыны скарочанага працоўнага тыдня на прадпрыемствах “Ваўмет” і КСОМ – незапатрабаванасць прадукцыі.

Вырабы з метала, выпуск якіх ажыццяўляюць прадпрыемствы, не адпавядаюць сучасным рыначным патрабаванням у сувязі з чым з’яўляюцца неканкурэнтаздольнымі.

* * *

На пачатак траўня 28 прадпрыемстваў і арганізацый Гарадзенскай вобласці маюць пратэрмінаваныя запазычанасці па выплаце заробкаў працоўным. Галоўнымі неплацельшчыкамі заробкаў у рэгіёне з’яўляюцца сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.  Праблема нявыплаты заробкаў,  на думку намесніка старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Сяргея Антусевіча, –  гэта яскравы вынік адміністрацыйна-каманднай сістэмы кіравання:

– Гэта хібы нашай сістэмы – тое, што, напрыклад, інспекцыя працы не разбіраецца, і ў гэтым выпадку з’яўляецца бальш карным органам і можа пакараць таго кіраўніка, які і так не мае заробку.

Як сведчаць дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэту, пратэрмінаваныя запазычанасці маюць 327 арганізацый краіны. Найлепей сітуацыя выглядае ў Берасцейскай і Гомельскай абласцях, найгорш – у Віцебскай вобласці, дзе пратэрмінаваныя запазычанасці маюць 188 арганізацый.

Беларускае Радыё Рацыя