На гарадзенскім “Хімвалакне” – пакуль адзін страйкуючы
На гарадзенскім “Хімвалакне” да агульнарэспубліканскага страйку пакуль далучыўся адзін чалавек – Арцём Валеры.
Сваім далучэннем да страйку хлопец падтрымаў “Народны ўльтыматум”:
– Я ў страйку зараз адзін, я – першы, наколькі я разумею. Людзей, якія хочуць падтрымаць страйк, іх шмат. Але па сваіх прычынах яны гэта зрабіць не могуць. Атрымалася так, што я даўно хацеў страйкаваць, але мяне адгаворвалі, пачакай, мо хто яшчэ пойдзе, каб ты быў не адзін і каб цябе не так хутка маглі звольніць.
Па словах супрацоўніка „Хімвалакна”, дачучыцца да страйку яго падштурхнулі гвалтоўныя дзеянні ўладаў:
-Я ў панядзелак напісаў заяву на страйк, а пайшоў з аўторка. Вельмі шмат калег затрымалі ў нядзелю. Многія нават дадому не прыехалі ў гэты дзень. І гэта была ўжо апошняя кропля. Я хацеў напісаць заяву на страйк яшчэ ў момант „Народнага ўльтыматуму”, але мяне адгаварылі. Страта чалавека, гэтыя нядзельныя бясчынствы, калі кветкі і лампадкі прыбралі, гэтага я ўжо сцярпець не мог.
Арцём спадзяецца на тое, што да страйку на прадпрыемстве “Хімвалакно” ў Гародні ў бліжэйшы час далучацца новыя людзі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота: Сяргея Апановіча