На гэтым тыдні Нацбанк можа падвысіць стаўку рэфінансавання



У сувязі з паскарэннем інфляцыйных працэсаў Нацбанк Беларусі на гэтым тыдні можа падвысіць стаўку рэфінансавання, лічаць аналітыкі расейскага „Газпромбанка”.

У аглядзе „Навігатар рынкаў”, які яны падрыхтавалі, адзначаецца, што ў студзені інфляцыя зноў паскорылася і дадала 0,3 працэнтнага пункта ў гадавым вымярэнні ў параўнанні са снежнем. У выніку інфляцыя на 2,7 працэнтнага пункта перавысіла мэтавы арыенцір Нацбанка (не больш за 5%).

„Улічваючы змяшчэнне балансу рызыкі ў бок паскарэння інфляцыі (істотна перавысіла мэту Нацбанка і ўшчыльную наблізілася да ўзроўню стаўкі рэфінансавання ў 7,75%), мы не выключаем, што беларускі цэнтрабанк разгледзіць магчымасць павышэння стаўкі на найбліжэйшым пасяджэнні 17 лютага з мэтай падтрымкі макраэканамічнай стабільнасці”, — гаворыцца ў аглядзе.

Пры гэтым аналітыкі „Газпромбанка” мяркуюць, што „ўзмацненне праінфляцыйнага націску” ў Беларусі носіць часовы характар. У наступныя месяцы ён аслабне па меры таго, як будзе вычарпаны эфект пераносу ад аслаблення беларускага рубля ў 2020 годзе.

Пасяджэнне праўлення Нацбанка, на якім будзе разгледжанае пытанне аб змене стаўкі рэфінансавання, намечанае на 17 лютага. На мінулым тыдні рэгулятар апублікаваў штомесячны агляд па інфляцыі, ад дынамікі якой залежаць працэнтныя стаўкі ў банкаўскай сістэме. Паводле ацэнкі Нацбанка, студзеньскае паскарэнне інфляцыі звязана з тым, што ў пачатку 2021 года былі адмененыя падатковыя льготы, якія распаўсюджваліся на шэраг спажывецкіх тавараў. „Паскарэнне інфляцыі ў многім абумоўлена асобнымі рашэннямі ў галіне падатковай палітыкі: адменай льгот па ПДК на шэраг харчовых і дзіцячых тавараў, лекавыя сродкі і медыцынскія вырабы”, — растлумачыў Нацбанк.

Апошні раз Нацбанк разглядаў пытанне аб стаўцы рэфінансавання на пасяджэнні 11 лістапада. Тады, прымаючы пад увагу розныя рызыкі, было вырашана захаваць стаўку рэфінансавання на цяперашнім узроўні (7,75% гадавых). „На фоне пандэміі захоўваецца няпэўнасць наконт будучай траекторыі аднаўлення дзелавой актыўнасці ў свеце, у дзяржавах — гандлёвых партнёрах Беларусі, а таксама яе ўплыву на нашу краіну. Унутраныя рызыкі звязаны з чаканнямі эканамічных агентаў, нармалізацыя якіх можа адбывацца павольней, чым меркавалася”, — растлумачыў тады кіраўнік Нацбанка Павел Калаур.

belapan.by