На „Гродна Азоце” распрацуюць меры на выпадак увядзення санкцый ЕЗ



У ААТ „Гродна Азот” будуць распрацаваны меры па арганізацыі дзейнасці на выпадак увядзення санкцый Еўразвяза. Такое даручэнне даў генеральны дырэктар прадпрыемства Ігар Ляшэнка на нарадзе 12 сакавіка, паведамляецца на сайце „Гродна Азоту”.

„Генеральным дырэктарам даручана распрацаваць меры па арганізацыі працы ў выпадку ўвядзення еўрапейскіх санкцый супраць Беларусі. Пытанне павінна быць прапрацаванае сумесна з канцэрнам „Белнафтахім”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца таксама, што на наступным тыдні павінна прайсці нарада з прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам.

ААТ „Гродна Азот” з’яўляецца адным з найбуйнейшых хімічных прадпрыемстваў у СНД і ва Усходняй Еўропе, выпускае азотную кіслату, азотныя мінеральныя ўгнаенні, капралактам, метанол і іншыя віды хімічнай прадукцыі. Прадпрыемства належыць дзяржаве, уваходзіць у склад канцэрна „Белнафтахім”.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года на „Гродна Азоце” праходзілі адны з найбольш маштабных забастовак у краіне.

У студзені гэтага года новым кіраўніком „Гродна Азоту” быў прызначаны былы намеснік прэм’ер-міністра Ігар Ляшэнка.

У канцы лютага кіраўнік дыпламатыі Еўрасаюза Жазэп Барэль паведаміў, што ЕЗ разглядае магчымасць прыняцця далейшых санкцый у дачыненні да ўладаў Беларусі.

Цяпер санкцыі ЕЗ распаўсюджваюцца на 88 фізічных і сем юрыдычных асобаў. Абмежавальныя меры ўводзяцца ў дачыненні да прадстаўнікоў Беларусі, якія, на думку кіраўніцтва ЕЗ, тым ці іншым чынам датычныя да фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і рэпрэсій мірных грамадзян.

belapan.by