На МАЗе адмянілі загад аб прастоі прадпрыемства
Мінскі аўтазавод прастойваць не будзе. Пра гэта БелаПАН заявілі ў прэс-службе Міністэрства прамысловасці, каментуючы інфармацыю, якая з’явілася ў шэрагу СМІ, аб тым, што кіраўніцтва прадпрыемства прыняло рашэнне аб цэлазменных прастоях для асобных работнікаў 21 лютага, 9 і 20 сакавіка.
У Мінпраме пацвердзілі інфармацыю аб прастоях, патлумачыўшы, што адпаведны загад быў падпісаны кіраўніцтвам прадпрыемства. Аднак, як патлумачылі ў Мінпраме, „у сувязі з неабходнасцю павелічэння ў лютым і сакавіку 2020 года выпуску аўтамабільнай і пасажырскай тэхнікі 18 лютага загад адменены”.
Паводле інфармацыі Мінпрама, генеральны дырэктар ААТ „МАЗ” унёс у план вытворчасці адпаведныя змены. „Гэта звязана, у першую чаргу, з паступленнем дадатковай замовы на вытворчасць пасажырскай тэхнікі. Такім чынам, да канца лютага і ў сакавіку ААТ „МАЗ” будзе працаваць па поўным графіку”, — падкрэслілі ў прэс-службе міністэрства.
Мінскі аўтамабільны завод вырабляе седлавыя цягачы, бартавыя аўтамабілі, шасі пад устаноўку рознага спецабсталявання — усяго больш за 500 мадэляў і мадыфікацый тэхнікі, якая адпавядае экалагічным стандартам Еўра-2, Еўра-3, Еўра-4, Еўра-5, Еўра-6. З 1995 года Мінскі аўтамабільны завод выпускае пасажырскую тэхніку, якая сёння прадстаўленая 15 мадэлямі больш чым у ста выкананнях.
belapan.by