На мітынгу ІП у Барысаве створаць прафсаюз
У Барысаве плануецца мітынг прадпрымальнікаў, на якім створаць прафсаюз «Салідарнасць». Заяву ў мясцовы гарвыканкам падаў сябра «Грамады» і былы прадпрымальнік Сяргей Абрамовіч. Мітынг намечаны на травень. На думку Абрамовіча, трэба інфармаваць грамадства пра наступствы прэзідэнцкага ўказа № 222. Бо ўлада толькі прыпыніла дзеянне гэтага ўказу, каб спыніць хвалю прадпрымальніцкіх пратэстаў. Цяпер не праводзяцца праверкі на наяўнасць сертыфікатаў якасці, але яны неўзабаве распачнуцца, і тады паўстане праблема і канфіскацыі тавараў, і штрафаў памерам 200-400 базавых велічыняў. Страціўшы працу на рынках, прадпрымальнікі будуць вымушаныя шукаць яе на прадпрыемствах і ў арганізацыях.
Па словах Абрамовіча, у Барысаве ўжо сёння вельмі моцная сацыяльная напружанасць у звязку з прыхаваным беспрацоўем, прадпрыемствы горада маюць трох- і чатырохдзённы працоўны тыдзень.
Менскі прадпрымальнік і нефармальны лідар пратэстнага руху прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў паведаміў “Свабодзе”, што мітынг у Барысаве мае стаць першай вулічнай акцыяй у шэрагу мітынгаў, запланаваных у розных гарадах краіны. Колькасць удзельнікаў акцыі мусіць скласці каля сотні чалавек. Мітынг адбудзецца незалежна ад таго, дазволіць ці забароніць яго Барысаўскі гарвыканкам.
Беларускае Радыё Рацыя