На «Нафтане» змянілі генеральнага дырэктара



Да цяперашняга часу Андрэй Сойка працаваў на пасадзе намесніка старшыні Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі. Перад гэтым кіраўнік быў дырэктарам ААТ «Лакафарба» у Лідзе (Гарадзенская вобласць).

Андрэй Сойка распавёў журналістам, што найважнейшай задачай завода з’яўляецца рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па будаўніцтве комплексу запаволенага каксавання. Перад новым генеральным дырэктарам пастаўлена задача ўвесці яго ў строй у сярэдзіне наступнага года.

Раней гаварылася, што будаўніча-мантажныя работы ў рамках праекта завершаць яшчэ ў траўні бягучага года, а ў жніўні на прадпрыемстве планавалі атрымаць першую прадукцыю. У студзені 2020 году Наталля Качанава прызнавала, што „не вельмі задаволена ходам рэалізацыі праекта”.

Некалькі дзён таму на завод прыязджаў з афіцыйным візітам прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Ужо тады хадзілі чуткі аб магчымых кадравых рашэннях, але іх абверглі.

Былы гендырэктар «Нафтана» Аляксандр Дзямідаў кіраваў прадпрыемствам з сакавіка 2017 года.

gorod214.by

Фото: belchemoil.by