На НПЗ мае паступіць не менш як 1 млн тон нафты
Канцэрн „Белнафтахім” чакае, што ў красавіку на беларускія НПЗ паступіць не менш як 1 млн тон нафты. „У нас ужо напрацаваныя напрамкі. У цэлым у красавіку менш за мільён не будзе”, — паведаміў БелаПАН прэс-сакратар „Белнафтахіма” Аляксандр Цішчанка.
Паводле яго слоў, перад канцэрнам стаіць задача давесці пастаўкі да 2 млн тон. У красавіку, адзначыў Цішчанка, працягнуцца танкерныя пастаўкі нафты праз парты ў Клайпедзе і Адэсе.
У сакавіку праз Літву ў Беларусь было пастаўлена чатыры танкеры з 320 тысячамі тон нафты, набытай у трэйдараў без прэміі. Яшчэ тры танкеры з 250 тысячамі тон нафты паставіла Дзяржаўная нафтавая кампанія Азербайджана (SOCAR) праз Украіну.
„Танкерныя пастаўкі будзем працягваць і праз Прыбалтыку, і праз паўднёвы кірунак”, — сказаў прадстаўнік канцэрна, не ўдакладніўшы пры гэтым ні аб’ёмы нафты, ні колькасць танкераў.
Міжнароднае цэнавае агенцтва Argus са спасылкай на трэйдараў паведаміла, што ў красавіку Беларусь можа закупіць у SOCAR яшчэ тры суднавыя партыі нафты з пастаўкай праз Украіну. У цэлым у 2020 годзе „Белнафтахім” планаваў закупіць у азербайджанскай нафтавай кампаніі прыкладна 1 млн тон нафты.
„З расейскім кірункам працягваем працу, працэсы не стаяць. Зараз проста [з-за непрацоўнага тыдня ў Расеі] падключаныя іншыя формы перамоў”, — сказаў Цішчанка.
Паводле яго слоў, пастаўкі нафты на беларускія НПЗ працягне група кампаній „Сафмар” бізнесмена Міхаіла Гуцарыева. З пачатку гэтага года яна была практычна адзіным пастаўшчыком расійскай нафты ў Беларусь, і за першы квартал планавала паставіць прыблізна 1,3 млн тон нафты. Яшчэ 200 тысяч тон нафты павінны былі паставіць пяць невялікіх расійскіх кампаній, сярод якіх „УДС нефць”.
Кампаніі з „вялікай пяцёркі” („Раснефць”, „Лукойл”, „Газпром нефць”, „Сургутнефцегаз”, „Татнефць”) адмаўляліся пастаўляць нафту ў Беларусь без прэміі. У Мінску настойвалі на яе адмене з-за падаражання сыравіны ў выніку падатковага манеўру. Пасля доўгіх перамоў бакам удалося прыйсці да пагаднення.
24 сакавіка прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас паведаміў, што з красавіка ўсе расійскія кампаніі атрымалі магчымасць пастаўляць нафту ў Беларусь без прэміі. Паводле яго слоў, пастаўшчыкі пагадзіліся знізіць прэмію з 11,7 да 4,7 долара за тону, але гэтыя 4,7 долара „расійскі ўрад возьме на сябе”.
Раней аб аднаўленні паставак нафты ў Беларусь з прэміяй у 5 долараў за тону паведаміла „Раснефць”. Але, як сказаў Румас, не факт, што яна апынецца ў ліку пастаўшчыкоў, бо, як і іншыя кампаніі, настойвала на аплаце поўнай прэміі за нафту. Паводле слоў прэм’ера, Беларусь будзе выбіраць тыя кампаніі, якія прапануюць найлепшыя ўмовы пастаўкі. Напрыклад дадуць большую адтэрміноўку аплаты.
У канцы мінулага тыдня агенцтва Reuters са спасылкай на інфармаваныя крыніцы паведаміла, што пачатак паставак нафты з Расеі ў Беларусь адкладваецца, бо найбуйнейшыя расейскія кампаніі да гэтага часу не падпісалі дамовы з „Белнафтахімам” з-за рознагалоссяў. Мінск хоча большую частку аб’ёму атрымліваць па-ранейшаму ад групы „Сафмар”, а расійскія кампаніі настойваюць на прынцыпе роўнадаступнасці, які прадугледжвае экспарт у кожным кірунку ў адпаведнасці са здабычай вытворцы, сказалі суразмоўцы агенцтва.