На падвышэнне заробкаў бюджэтнікам грошай няма



Зарплата бюджэтнікаў у Беларусі сёння на чвэрць меншая, чым у рэальным сектары. У красавіку, паводле даных Белстата, атрымалася 588,4 рубля замест 777 рублёў. Першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч на справаздачы ў парламенце сказаў, што дзяржава будзе старацца ўтрымліваць разрыў на ўзроўні 20%, але на падвышэнне грошай у краіне пакуль няма, піша Tut.by.

Паводле яго слоў, летась на заробкі ў бюджэтнай сферы дзяржава выдаткавала больш за 5 мільярдаў рублёў. Гэта каля 30% кансалідаванага бюджэту краіны.

«Летась мы стрымлівалі рост заробкаў у бюджэтнай сферы, забяспечваючы, наколькі гэта магчыма, захаванне яе рэальнага ўзроўню. Думаю, такая палітыка будзе захоўвацца і ў 2017-м, — сказаў Максім Ермаловіч. — Знайсці крыніцы для таго, каб забяспечваць дадатковыя выдаткі бюджэту на выплату зарплаты, вельмі складана».

Па яго словах, любое падвышэнне заробкаў у бюджэтным сектары аказвае істотную нагрузку на бюджэт: кардынальна змяняе ўсю структуру выдаткаў і прымушае скарачаць выдаткі на інвестыцыйныя і інавацыйныя праграмы.

«Узровень капітальных выдаткаў у нас ужо і так ніжэйшы, чым у суседніх краінах. Далейшае іх скарачэнне прывядзе да сур’ёзных змен у стане ўсёй сацыяльнай і эканамічнай інфраструктуры», — патлумачыў намеснік міністра фінансаў.

Адзіная магчымасць павялічыць даходы бюджэтнікаў — падвысіць прадукцыйнасць працы і разам з ёй зарплаты. Толькі не за кошт дзяржавы, а накіраваўшы на гэта ўнутраныя рэзервы.

«Іншай прапановы ў мяне няма, таму што інакш падвышэнне няма чым аплачваць», — сказаў Максім Ермаловіч.

Паводле TUT.by