На пастаўках алкагольнага напою Aperol зарабляе Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі
Пастаўкамі ў Беларусь італьянскага алкагольнага напою Aperol, які ў нашай краіне не прадавалі амаль пяць гадоў, займаецца “Беларусьгандаль”, як высветліў Беларускі расследавальніцкі цэнтр. Эксклюзіўнае права прадаваць напой атрымала сетка WINE & SPIRITS.
“Ён эксклюзіўна прадаецца ў сетцы нашых магазінаў у аб’ёме 0,7 і літр. 0,7 — 46,9 рубля, літр — 64,9 рубля. Забаронена было з 2017 года. А цяпер на рынку Беларусі мы адзіныя пастаўшчыкі. Хутчэй за ўсё, з наступнага месяца ён будзе даступны ў прынцыпе ўсюды ў розніцы. Але пакуль эксклюзіўна ў нашых крамах”, — расказалі журналістам-расследавальнікам у адной з крамаў сеткі. Італьянскі бітэр знік з паліц беларускіх крам у 2017 годзе, паколькі ў ім утрымліваўся забаронены сінтэтычны фарбавальнік E110, пісалі медыя. Цяпер у беларускім рэестры небяспечнай прадукцыі Дзяржстандарту згадак пра забарону Aperol журналісты не знайшлі. Фарбавальнік, як высветліў БРЦ, усё яшчэ прысутнічае ў складзе Aperol.
Другі энергаблок БелАЭС зноў падключылі да сеткі
Адбылося гэта раніцай 14 чэрвеня. „Пасля завяршэння планавых выпрабаванняў рэактарнай устаноўкі”, паведамляе Мінэнерга. Цяпер адбываецца “паэтапны набор магутнасці для далейшай рэалізацыі мерапрыемстваў этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі”. Другі энергаблок БелАЭС упершыню ўключылі ў сетку 13 траўня сёлета. Яго ўвод у эксплуатацыю мае адбыцца ў канцы года.
Сёлета Літва ў чарговы раз запатрабавала прыпыніць працу БелАЭС і не эксплуатаваць яе, пакуль не будуць вырашаныя ўсе пытанні ядзернай бяспекі.
Плошчы завода ў цэнтры Магілёва выставілі на продаж
Маёмасць завода “Строммашына” ў цэнтры Магілёва на ўчастку каля 13,5 гектараў выставілі на аўкцыён за даўгі. Таргі стартуюць 17 ліпеня, заяўкі ўжо можна падаваць, паведамляецца на сайце “Белрэалізацыі”.
Увесну гэтага года “Строммашына” была прызнана банкрутам. На продаж зараз выстаўлены аб’екты нерухомасці, энергетычнай інфраструктуры і добраўпарадкавання агульнай плошчай больш за 70 000 квадратных метраў.
Пачатковы кошт лота звыш 26,6 мільёна рублёў. Сума задатку для ўдзелу ў таргах складае больш за 2,6 мільёна рублёў. Заяўкі прымаюцца з 15 чэрвеня. Асноўны тып функцыянальнага прызначэння ўчастка – грамадская забудова. Магчымая жылая і транспартная забудова, піша “Зеркало”.
Газ у Еўразвязе працягвае даражэць
У чацвер, 15 чэрвеня, цана газу на еўрапейскім рынку дасягнула 500 даляраў за 1 тысячу кубаметраў. За дзень газ падаражэў больш чым на 13%.
Як заўважае Office Life, у апошнія тыдні газ імкліва даражэе. Звязваюць сітуацыю ў тым ліку з перабоямі паставак з Нарвегіі, а таксама з незвычайна спякотным надвор’ем. У той жа час ў траўні біржавыя цэны на газ у Еўразвязе апускаліся ніжэй за 300 даляраў за 1 тысячу кубаметраў, што стала мінімальным значэннем за апошнія два гады.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота мае ілюстрацыйны характар