На першым энергаблоку БелАЭС пачынаецца гарачая абкатка



На першым энергаблоку Беларускай АЭС пачаты самы маштабны этап пусканаладачных работ перад пачаткам фізічнага пуску — гарачая абкатка рэактарнай устаноўкі, паведамляе прэс-служба кампаніі „АСЭ” (інжынірынгавы дывізіён расейскай дзяржкарпарацыі „Расатам”).

Гарачая абкатка — тэхналагічны працэс, пры якім імітуецца праца энергаблока, але замест сапраўдных у рэактар загружаныя імітатары цеплавыдзяляльных зборак. Падчас гэтага працэсу будзе правераная працаздольнасць асноўнага абсталявання энергаблока на адпаведнасць патрабаванням па эксплуатацыі і бяспецы.

Падчас гарачай абкаткі спецыялісты апрабуюць сістэмы абароны першага і другога контуру ад перавышэння ціску, а таксама правядуць выпрабаванні працы галоўных цыркуляцыйных помпаў на халодных і гарачых параметрах рэактарнай устаноўкі.

Акрамя таго, будзе правераная сістэма падачы электрасілкавання для ўласных патрэбаў у выпадку перапынення працы энергаблока і яго поўнага абясточвання.

Паводле слоў дырэктара праекта па ўзвядзенні БелАЭС ад кампаніі „АСЭ” Віталя Паляніна, спецыялісты „выйшлі на фінішную прамую праграмы падрыхтоўкі энергаблока да фізпуску”.

„Наступны этап пасля завяршэння гарачай абкаткі, у адпаведнасці з планам падрыхтоўкі энергаблока да фізічнага пуску, — рэвізія асноўнага і дапаможнага абсталявання першага і другога контураў энергаблока”, — адзначыў ён.

Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Ядзернае паліва, як чакаецца, паступіць на атамную станцыю да канца года. Фізічны пуск першага энергаблока, паводле апошніх заяваў чыноўнікаў, запланаваны на першы квартал 2020 года. Мяркуецца, што атамная станцыя будзе выпрацоўваць 18 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод.

belapan.by

Фота REUTERS/Vasily Fedosenko