На “Полацк-Шкловалакно” адкрыта прызнаюць праблемы
З-за санкцый на “Полацк-Шкловалакно” на 40% упала рэалізацыя прадукцыі, на складах ляжыць яе трохмесячны запас. Як следства, запазычанасць па крэдытах павялічылася, для працаўнікоў скарачаюць працоўныя гадзіны і выплату прэмій. Гэта вынікае з выступу гендырэктара прадпрыемства Іллі Ікана перад працаўнікамі, піша “Зеркало”.
Гендырэктар распавёў, што раней “Полацк-Шкловалакно” каля 90% прадукцыі экспартаваў на рынкі Еўропы, Украіны, Карэі, Японіі і іншых краін. Высокамаржынальныя прадукты прыносілі асноўны даход, гэта дазваляла прадпрыемству развівацца, акупляць бягучую дзейнасць, пры гэтым была мінімальная крэдытная запазычанасць, а работнікі атрымлівалі дастойную заработную плату. Аднак праз санкцыі ў дачыненні да Беларусі з другога паўгоддзя мінулага года з’явіліся праблемы з рэалізацыяй прадукцыі ў Еўропу і далёкае замежжа. Таксама ёсць цяжкасці з праходжаннем плацяжоў, адбыўся адток кліентаў, некаторыя рынкі для завода поўнасцю закрыліся.
Магутнасць другога блока БелАЭС павысілі да 50%
Магутнасць рэактарнай устаноўкі другога энергаблока БелАЭС павысілі да 50%. Прымеркаваная да гэтай падзеі цырымонія прайшла 19 мая на БелАЭС з удзелам прэм’ер-міністра Беларусі Рамана Галоўчанкі і генеральнага дырэктара “Расатама” Аляксея Ліхачова, паведамляе Мінэнерга.
У найбліжэйшы час спецыялісты працягнуць паэтапнае засваенне магутнасці рэактара блока да 100 %. Прадугледжваюцца і адключэнні блока ад сеткі. Нагадаем, што ў мінулым годзе доўгі час прастойваў першы энергаблок АЭС.
Паход да стаматолага падаражэе
Тарыфы на стаматалагічныя паслугі, якія рэгулююцца дзяржавай, у Беларусі вырашана павялічыць прыкладна на трэць. У Міністэрстве аховы здароўя такі крок патлумачылі жаданнем знізіць стратнасць платнай стаматалогіі – у некаторых выпадках яна перавышае 90%, піша myfin.by.
Змяняецца кошт не толькі агульных стаматалагічных паслуг, але і паслуг артапедычнай стаматалогіі, а таксама зубатэхнічных работ. У цэлым тарыфы на названыя паслугі павялічыліся прыкладна на 30 працэнтаў. Да прыкладу, першаснае абследаванне вырасла ў кошце на 1,3 рубля да 5,66 рубля, выраб металакерамічнай каронкі – на 9,79 рубля да 42,44 рубля. Без змены засталіся толькі расцэнкі на рэнтгеналагічныя даследаванні.
У Менску яшчэ больш вырас дэфіцыт медыкаў і працоўных
У Менску за красавік яшчэ больш вырас недахоп працаўнікоў. Гэта вынікае з даных камітэта па працы, занятасці і сацабароне Менгарвыканкама. “Зеркало” паглядзела, якія яшчэ работнікі ў дэфіцыце ў сталіцы. Так, на пачатак мая наймальнікі ў Менску мелі патрэбу ў 28,3 тыс. работнікаў. Гэта на тысячу больш, чым месяцам раней. Пры гэтым расце дэфіцыт медыкаў. На пачатак мая наймальнікам патрабавалася 1889 медсясцёр і 1622 лекараў-спецыялістаў. І гэта прыкладна на 40 медсясцёр і 40 лекараў больш, чым у мінулым месяцы.
Са спецыялістаў таксама запатрабаваны інжынеры (957 вакансій на пачатак мая), фельчары, выхавальнікі, бухгалтары ды іншыя. Для рабочых у сталіцы на пачатак красавіка было адкрыта 17 тысяч вакансій, або 60,2 працэнта ад усіх прапаноў наймальнікаў. Больш за ўсё не хапае кухараў (752 вакансіі), вадзіцеляў аўтамабіляў (640), прадаўцоў (549) ды іншых работнікаў.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: polotsk-steklovolokno.deal.by