На «Полацк-Шкловалакно» прапануюць браць заробак «натурпрадуктам»
«Палажэнне аб аплаце працы ў натуральнай форме» ўступіла ў сілу з 1 жніўня, паведамляе nn.by. Паводле дакумента, работнікі «Полацк-Шкловалакно» маюць магчымасць «набыцця ўласнай прадукцыі прадпрыемства, тавараў, таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца на балансе ААТ, а таксама паслуг грамадскага харчавання ў кошт заробка». Набываць усё пералічанае можна штомесяц на суму да 200 рублёў.
Гэтаксама ад пачатку месяца работнікі могуць у кошт заробку набываць прадукты на «аб’ектах грамадскага харчавання і гандлю цэха №910» — у склад гэтага цэха ўваходзяць тры сталоўкі, буфет, бар і дзве крамы. Пра палажэнне паведамляе газета «Трудовая смена», якую выдае прадпрыемства.
Сёння заробкі на ААТ «Полацк-Шкловалакно» складаюць ад 680 да 1700 рублёў — гэта відаць з пераліку выкансій на прадпрыемстве. Адпаведна, 200 рублёў на «натурпрадукт» — гэта амаль траціна заробку для тых, хто працуе кухарам, токарам або слесарам-рамонтнікам.