На расейскіх АЗС абмежавалі продаж бензіну
Найбуйнейшы аператар паліўных картаў у Расеі пастанавіў увесці абмежаванне на адпусканне нафтапрадуктаў сетак «Раснафта» і «Газпрам нафта». Цяпер там дазволілі набываць не больш за 150 літраў за дзень. Усё праз дэфіцыт, піша telegraf.news.
«У нас ёсць рэгіёны, у шэрагу вытворцаў якіх заканчваецца паліва, яго застаецца на тыдзень. І яны прыпыняюць палявыя працы. На поўдні ў нас сітуацыя даволі складаная», – прызналася першая намесніца міністра сельскай гаспадаркі Расеі Аксана Лут. Аднак праблемы ў РФ з палівам узніклі не толькі ў аграрыяў.
Тым часам расейскія СМІ пішуць, што АЗС у Расеі сталі прыносіць страты. У «Петрамаркеце» падлічылі, што прыбытак заправак з бензіну Аі-92 і Аі-95 на пачатак верасня ў сярэднім складаў мінус 3 руб./л, з дызелем – мінус 2 руб./л.
Рост коштаў паліва ў Расеі восенню (амаль на 8%) можа прывесці да пастановы ўладаў Беларусі пачаць павышаць кошт на беларускіх АЗС. Беларусаў, як правіла, папярэджваюць за некалькі гадзінаў да зменаў на запраўках.