На саміце ЕАЭС разгледзяць новую стратэгію еўразійскай інтэграцыі



Еўразійская эканамічная камісія (ЕЭК) працуе над дакументам, які закліканы прапанаваць новую стратэгію еўразійскай інтэграцыі, паведаміў старшыня калегіі ЕЭК Тыгран Саркісян на канферэнцыі „Еўразійскі эканамічны саюз: 5 гадоў — палёт нармальны?” 12 снежня ў Маскве.

Паводле яго слоў, гэты дакумент будзе абмяркоўвацца 20 снежня на пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета (ЕАЭС) у Санкт-Пецярбургу.

„Насуперак распаўсюджанаму знешняму ўспрыманню саюза ў якасці палітычнага праекта па меры паглыблення еўразійскай інтэграцыі для большасці партнёраў стала зразумела, што ЕАЭС — праект, які мае глыбокі эканамічны змест і адпавядае глабальнаму сусветнаму трэнду па фарміраванні рэгіянальных эканамічных аб’яднанняў, — цытуе міністра прэс-служба ЕЭК. — Само жыццё прадыктавала неабходнасць фарміравання адзінай эканамічнай прасторы са свабодай перамяшчэння тавараў, рабочай сілы, капіталу і паслуг”.

Саркісян лічыць паспяховай дзейнасць ЕАЭС за пяць гадоў, якія прайшлі з моманту яго стварэння. „Па-першае, мы адтачылі механізмы эфектыўнага ўзаемадзеяння ўнутры нашага саюза. Пяць гадоў былі важнымі для таго, каб усе краіны адчулі гэтыя механізмы, каб выбудавалася давер і адначасова новая культура ўзаемадзеяння. Гэта, можа быць, самае важнае інстытуцыянальнае дасягненне нашых першых пяці гадоў”, — падкрэсліў Саркісян.

Закранаючы пытанні гандлёва-эканамічных узаемаадносінаў са знешнімі партнёрамі, ён адзначыў, што „дасягнуты істотныя вынікі”, паведамляе прэс-служба. „Праз вядзенне перамоў з трэцімі краінамі мы фарміруем рэжымы, якія цікавяць наш бізнес, — сказаў Саркісян. — Асноўны інструмент дасягнення гэтай мэты — фарміраванне зон свабоднага гандлю з нашымі партнёрамі. Пагадненні ўжо падпісаныя з В’етнамам, Сінгапурам, Іранам і Сербіяй, і мы знаходзімся ў перагаворным трэку з Егіптам, Ізраілем і Індыяй. Цяпер абмяркоўваем новы спіс прыярытэтаў, з якімі краінамі нам трэба запусціць новыя пагадненні аб зонах свабоднага гандлю”.

Ён таксама адзначыў прагрэс у развіцці адносін з Еўрапейскім саюзам. „Чатыры гады таму мы пачалі свае адносіны з ЕС з іх непрызнання Еўразійскага эканамічнага саюза. Але за чатыры гады мы дасягнулі значнага прагрэсу — у 2017 годзе быў наладжаны тэхнічны дыялог паміж Еўразійскай эканамічнай камісіяй і Еўрапейскай камісіяй па такіх пытаннях, як тэхнічнае рэгуляванне і гандаль. Сёння дыялог уключае больш шырокі спектр. Нашы кантакты вельмі актыўныя і дзейсныя, яны рэалізуюцца праз самыя розныя фарматы — запыты, кансультацыі, візіт дэлегацый, відэаканферэнцыі і гэтак далей. Гэта значыць мы вырашылі не проста пытанне тэхнічнага прызнання ЕАЭС з боку Еўрапейскай камісіі, але напоўнілі нашы адносіны сур’ёзным зместам”, — сказаў Саркісян.

Старшыня калегіі ЕЭК таксама адзначыў, што развіццё знешніх адносін залежыць ад эфектыўнасці паглыблення інтэграцыі ўнутры.

belapan.by

Фота eurasiancommission.org