На Слонімшчыне 1,4 беспрацоўных – на адну вакансію
Праблема з працоўнымі месцамі ў Слоніме надзвычай актуальная, на што пастаянна звяртаюць увагу мясцовыя дэмакраты. Так, грамадская ініцыятыва “Народны кантроль” у Слоніме правяла акцыю “Найперш працоўныя месцы, а пасля Дэкрэт аб дармаедстве”. Пазней пачаўся ціск на людзей, якія паставілі свае подпісы ў падтрымку гэтай акцыі, іх апытвалі наконт таго, ці яны дармаеды.
“Гэтыя людзі працуюць, – абураецца прадстаўнік Слонімскага згуртавання дэмакратычных сілаў Іван Бедка. – Але пры гэтым маюць права выказацца наконт гэтага дэкрэта”:
– У нас шмат прадпрыемстваў, якія раней працавалі. А недзе на працягу 10-15 гадоў у нас зачынілася каля пяці прадпрыемстваў, гэта значыць страчаны працоўныя месцы. Напрыклад, такое буйное прадпрыемства, якое ў нас было ў Слоніме – Камвольна-прадзільная фабрыка. Там працавала каля трох тысяч чалавек і можа крыху больш, а цяпер засталося толькі каля 800 працоўных месцаў. Таму ў нас вельмі сур’ёзная праблема з працоўнымі месцамі.
Слонімцы атрымалі адказ на свой калектыўны зварот у Адміністрацыю прэзідэнта ды іншыя структуры. Намесніца старшыні Гарадзенскай абласной вертыкалі Алена Агей паведамляе, што ў Слонімскім раёне ў першым паўгоддзі зарэгістравана беспрацоўнымі ў 1,7 разы больш непрацуючых грамадзян у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. І што сітуацыя ў эканоміцы абумоўлена знешнімі фактарамі.
“Напружанасць на рынку працы ў раёне склала 1,4 беспрацоўных на адну вакансію” – адзначаецца ў адказе на калектыўны зварот.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя