На Сусветным эканамічным форуме ў Давосе прызначылі адказнага за Беларусь
Пра гэта паведаміў Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай. Паводле яго, з 800 чалавек, якія працуюць у арганізацыі Сусветнага эканамічнага форуму, не было адказнага за Беларусь. Цяпер жа такая асоба вызначана, і дэмсілы пачнуць з ёй працаваць.
Вячорка назваў удзел Святланы Ціханоўскай у форуме справай «сапраўды неардынарнай». «Улічваючы тое, што на Форум запрашаюць далёка не ўсіх нават кіраўнікоў дзяржаў. Ёй далі два выступы ў асноўнай праграме, у тым ліку адзін на галоўнай сцэне, на якой выступалі за ўвесь тыдзень агулам толькі 35 спікераў», — напісаў ён.
Паводле яго, арганізатары распавялі, што аднойчы на Форум прыязджаў былы міністр МЗС Уладзімір Макей, але не ўдзельнічаў у праграме форуму, толькі ў сайд-івэнтах, якія адбываюцца паралельна.
***
На Сусветным эканамічным форуме ў Давосе прызначылі адказнага за Беларусь. Адбылося гэта, дзякуючы і эканамічнай стратэгіі развіцця Беларусі, якую Святлана Ціханоўская агучыла падчас мерапрыемстваў форуму:
«“Па-першае, нам трэба будзе шмат папрацаваць, каб зняць санкцыі з Беларусі.
Па-другое, мы пачнем глыбокія рэформы па лібералізацыі для стымулявання развіцця прыватнага сектара і нізкавугляроднай зялёнай эканомікі, прыцягнення замежных інвестараў.
Па-трэцяе, мы будзем імкнуцца да лібералізацыі знешняга гандлю шляхам падпісання пагадненняў аб зоне свабоднага гандлю з нашымі ключавымі гандлёвымі партнёрамі, у тым ліку з Еўрапейскім саюзам.
Па-чацвёртае, дзяржаўныя прадпрыемствы будуць ацэненыя, і большасць з іх будуць прыватызаваныя. Таксама мы пачнем глыбокія інстытуцыянальныя рэформы, уключаючы рэформы судовай сістэмы, адукацыі і дзяржаўнага кіравання».
Чакаецца, што і супраца адказнай асобы за Беларусь ад Сусветнага эканамічнага форуму і дэмакратычных сілаў Беларусі распачнецца ўжо 23-га студзеня. Сярод супольных планаў: стварэнне беларускага Global Shapers Hub у Вільні ці Варшаве, як формы падтрымкі беларускіх бізнэс-ініцыятываў.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя