На ўпарадкаванне ў Гомелі сёлета выдалі 50 млрд рублёў



Каля 50 мільярдаў беларускіх рублёў пайшло сёлета на рэканструкцыю аб’ектаў Гомельскага палацава-паркавага ансамблю.

Гомель

Большая частка з гэтай сумы – каля 40 мільярдаў – выдаткавана на будаўніцтва новага ўчастку набярэжнай ракі Сож.

Каардынатар экспертнай супольнасці „Стратэгічная думка” Аляксей Харкевіч заўважае, што праект маштабнай рэканструкцыі зацвярджаўся некалькі гадоў таму, калі была больш спрыяльная эканамічная сітуацыя:

– На жаль на працягу некалькіх гадоў праект не змаглі рэалізаваць, рэалізавалі толькі ў гэтым годзе. Таксама некалькі гадоў ужо быў на рэканструкцыі пешаходны мост праз Білецкі спуск. Па дадзеных БЕЛТА, на яго пайшло каля 9 мільёнаў, але зноў такі, калі глядзець па тэндэрнай дакументацыі, то ў гэтым годзе менавіта арганізацыя, якая будавала мост, яна атрымала менш 7 мільярдаў рублёў. Плюс канешне неўпарадкаваныя тэрыторыі, закупка саджанцаў і г.д. У суме гэта выходзіць больш за 50 мільярдаў беларускіх рублёў.

Гомельскія гарадскія ўлады абяцаюць увесці ў эксплуатацыю да канца лістапада адноўленую вежу былога цукравага заводу з агляднай пляцоўкай. Гэты турыстычны аб’ект, размешчаны на тэрыторыі парку Паскевічаў-Румянцавых, быў пабудаваны ў першай палове ХІХ стагоддзя. З 2007 года вежа была зачынена ў мэтах бяспекі наведнікаў.

Беларускае Радыё Рацыя