На вуліцах Менска з’явяцца электробусы
ААТ „Кіруючая кампанія „Белкамунмаш” да канца бягучага года вырабіць 2 доследныя ўзоры электробуса для Менска. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла першая намесніца старшыні камітэта эканомікі Менгарвыканкама Таццяна Краўчанка.
Паводле яе слоў, да канца бягучага года прадпрыемства вырабіць для сталіцы 2 доследныя ўзоры электробуса для абкаткі. Электробусы дзякуючы адсутнасці выкіду шкодных рэчываў, нізкаму роўню шуму і выкарыстанню чыстых крыніц энергіі лічацца „зялёным транспартам ХХІ стагоддзя”. Для зарадкі электробуса не патрэбна падключэння да ліній электраперадачы. На прыпынку грамадскага транспарту ўстанаўліваецца зарадны слуп, ад якога электробус атрымлівае дастатковы аб’ём электрычнасці.
Плануецца, што да пачатку снежня бягучага года ў Менску па цэнтральных вуліцах пачнуць курсіраваць два электробусы мадэлі Е433 вытворчасці „Белкамунмаш”, а ў першым квартале 2017 года для горада будуць пастаўлены яшчэ 18 адзінак электробусаў.
На прадпрыемстве адзначылі, што перадумовы для ўкаранення інавацыйных распрацовак у грамадскі транспарт існавалі даўно: гэта павышаная загазаванасць паветра, частыя заторы і пробкі на дарогах, немагчымасць аб’езду перашкоды на маршруце руху грамадскага транспарту. Еўрапейскія краіны даўно прыйшлі да думкі, што электробус – адзін з напрамкаў далейшага развіцця гарадскога пасажырскага транспарту.
У выніку актыўнага развіцця рынку гарадскога пасажырскага транспарту Еўропы і краін СНД у бок „зялёных” тэхналогій, была неабходна дыверсіфікацыя вытворчасці і асартыментнай лінейкі „Белкамунмаш”.
Фота Белта