На запраўках „Беларуснафта” патаннела паліва



На аўтазаправачных станцыях „Беларуснафта” патаннела паліва.

Паводле інфармацыі на сайце сеткі АЗС, з 3 студзеня рознічныя цэны на дызпаліва знізіліся на 1 капейку за літр, на бензіны — на 2 капейкі. Так, кошт літра бензіну АІ-92 на запраўках „Беларуснафта” складае 1 рубель 41 капейку, АІ-95 — 1 рубель 52 капейкі, дызельнага паліва — 1 рубель 53 капейкі.

Раней, нагадаем, „Белнафтахім” анансаваў магчымае зніжэнне цаны на паліва ў пачатку студзеня. Як заяўляў старшыня канцэрна „Белнафтахім” Андрэй Рыбакоў, у першы тыдзень студзеня цана бензіну і дызельнага паліва на АЗС краіны можа быць зніжаная зыходзячы з кошту бараля нафты.

„Мы застаемся прыхільнікамі планавага і планамернага змянення цэн, — паведаміў у эфіры тэлеканала „Беларусь 1″ 30 снежня Андрэй Рыбакоў. — Хачу сказаць, што намі ўнесеныя прапановы на студзень па змяненні і — што радуе — па зніжэнні цаны на ўнутраным рынку. Гэта будзе разгледжана, зыходзячы з фактычнага кошту бараля ў першыя дні студзеня, другога-трэцяга, але ўжо можна сказаць, што ў дыяпазоне 52—55 долараў за бараль разглядаецца змяненне, зніжэнне, цэны. Прыкладна на адну капейку на дызель і на дзве капейкі на аўтабензіны”.

У 2018 годзе большасць відаў паліва ў Беларусі даражэла 27 разоў (апошні раз 16 снежня), што ў „Белнафтахіме” тлумачылі неабходнасцю „кампенсацыі выдаткаў НПЗ па набыцці вуглевадароднай сыравіны”. Паводле інфармацыі канцэрна, за студзень—снежань 2018 года сярэдняя каціроўка нафты маркі Brent склала 71,1 долара ЗША.

20 снежня на сумесным пасяджэнні абедзвюх палат Нацыянальнага сходу віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка заявіў, што правядзенне ў Расіі падатковага манеўру можа прывесці да падаражання аўтамабільнага паліва на ўнутраным рынку Беларусі на 5—7%. Віцэ-прэм`ер падкрэсліў, што, паводле разлікаў урада, з-за падатковага манеўру можа адбыцца штогадовае падаражанне нафты для Беларусі прыкладна на 21 долар за тону з выхадам на сусветныя цэны да 2024 года.

belapan.by