Набылі моц новыя правілы ўвозу з-за мяжы тавараў для асабістага карыстання



С 2 жніўня пачалі дзейнічаць новыя правілы ўвозу з-за мяжы тавараў для асабістага карыстання, паведамляе Дзяржаўны мытны камітэт.

Цяпер беларусы, якія перасякаюць мяжу часцей, чым 1 раз у каляндарны дзень, могуць прывезці з сабой не больш за 1 кілаграм прадуктаў харчавання, не больш за 0,1 літра алкаголю і піва, а таксама не больш за 20 штук цыгарэт.

Тым жа, хто перасякае мяжу часцей за адзін раз на тыдзень, можна прывезці дадому не больш за 5 кілаграмаў прадуктаў, не больш за 1 літр алкаголю і піва і не больш за 40 штук цыгарэт.

Што тычыцца тавараў для асабістага карыстання, то да іх могуць быць аднесены кухонная газавая альбо электрычная пліта, варачная панэль, выцяжка, духавая шафа, воданагравальнік, касілка для газонаў, трымеры для скошванне травы, бытавое абсталяванне для мыйкі аўтамабіляў, манітор, ноўтбук або нетбук, шматфункцыянальная капіяравальная прылада, тэлевізар, веласіпед, надзіманая лодка, лодачны матор, грамадзянская  гладкаствольная або наразная зброя і яе часткі, кандыцыянеры, бытавыя зварачныя апараты і электрагенератары, гульнявыя прыстаўкі – не больш за 1 адзінку, якая ўвозіцца на працягу каляндарнага года.

Мабільны тэлефон, дзіцячая калыска, прынтар, сканер, планшэтны кампутар –  не больш за дзве адзінкі на працягу года.

На працягу года можна ўвозіць не больш за чатыры адзінкі новых пнеўматычных шын, новых альбо былых ва ўжыванні колаў да кожнага аўта- і мотатранспартнага сродку для асабістага карыстання. Пры гэтым звесткі аб дэкларанце павінны быць ўказаны ў пасведчанні аб рэгістрацыі транспартнага сродку альбо дакуменце (рахунку-даведцы, дамове куплі-продажу, дагаворы дарэння і інш.), які сведчыць пра набыццё транспартнага сродку, не зарэгістраванага ў дзяржавах-чальцах Еўразійскага эканамічнага саюза або дзяржавах, якія не з’яўляюцца членамі саюза.

Нагадаем, для тых, хто падарожнічае за мяжу часцей за адзін раз у тры месяцы, ліміт тавараў з 1 студзеня гэтага года – 20 кілаграмаў на суму 300 еўра. Таксама з 1 студзеня пры перасячэнні мяжы наземным транспартам можна прывезці тавары вагой не больш за 25 кілаграмаў і на суму не больш за 500 еўра.

Тавары для асабістага карыстання, што ўвозяцца паветраным відам транспарту, – на суму 10 000 еўра і вагой не больш за 50 кг.

Фота 015.by