Набыў моц абноўлены закон аб абароне правоў спажыўцоў



23 снежня Абноўлены закон аб абароне правоў спажыўцоў набыў моц 23 снежня.

Дакумент быў падпісаны кіраўніком дзяржавы 13 чэрвеня 2018 года.

Як адзначылі ў Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю, у закон увайшлі змены і дапаўненні, якія ўлічваюць напрацаваную правапрымяняльную практыку, а таксама прапановы спажывецкай супольнасці (грамадскіх аб’яднанняў спажыўцоў) і бізнесу.

„З улікам прапаноў спажывецкай супольнасці для стварэння ўмоў усвядомленага выбару спажыўцамі тавараў, у законе аптымізаваныя патрабаванні да інфармацыі аб таварах (работах, паслугах)”, — адзначылі ў ведамстве. У прыватнасці дакумент дапоўнены нормамі аб тым, што да спажыўца павінна даводзіцца інфармацыя аб краіне паходжання тавару, калі адрас вытворцы і краіна паходжання не супадаюць; пра клас энергаэфектыўнасці тавараў (па пераліку, прадугледжанаму заканадаўствам і тэхнічнымі рэгламентамі). Напрыклад, у маркіроўцы халадзільнікаў, пральных, посудамыйных машын і іншай бытавой тэхнікі павінна ўтрымлівацца ўказанне на клас энергаэфектыўнасці.

Акрамя таго, суб’екты, якія рэалізуюць тавары дыстанцыйна праз рэкламу або іншыя інфармацыйныя крыніцы, у тым ліку праз інтэрнэт, абавязаныя будуць у гэтых крыніцах паказваць кошт прадукту шрыфтам, памер якога павінен быць не меншым за палову найбольшага памеру шрыфту, які змяшчаецца ў апісанні. „Гэта дазволіць зрабіць інфармацыю чытэльнай для спажыўцоў і знізіць колькасць выпадкаў ўвядзення іх у зман адносна кошту пакупкі”, — адзначылі ў МАРГ.

Значная колькасць зваротаў пры працы над праектам закона тычылася тэмы мовы падаванай інфармацыі. У гэтай сувязі ўлічаная прапанова аб давядзенні інфармацыі „на беларускай і (або) расейскай мовах” замест замацаванай раней альтэрнатывы — „на беларускай або расейскай мове”.

Законам замацоўваецца права спажыўца на ажыццяўленне разлікаў у наяўнай і безнаяўнай форме. Пры гэтым уведзена забарона на ўсталяванне суб’ектам розных цэн (тарыфаў) у залежнасці ад формы аплаты.

Таксама ўведзеная забарона на выпатрабаванне ў спажыўца пашпарта ці іншага дакумента, які сведчыць асобу, пры вяртанні яму грашовых сродкаў.

Па аналогіі з правам спажыўца на вяртанне якаснага тавару прадугледжваецца права спажыўца на аднабаковую адмову ад дамовы аб выкананнi работы (паслугі) пры ўмове аплаты выканаўцу фактычна панесеных выдаткаў.

Шмат спажывецкіх спрэчак і скаргаў апошнім часам спараджаецца адсутнасцю належнага рэгулявання абароту так званых „падарункавых сертыфікатаў”. У адпаведнасці з законам урадам будзе ўстаноўлены парадак рэалізацыі тавараў (работ, паслуг) па падобнага роду дакументах. Распрацоўка адпаведнага нарматыўнага прававога акта завершаная і знаходзіцца на разглядзе Савета міністраў.

У законе ўлічаныя таксама абгрунтаваныя прапановы бізнес-супольнасці з улікам вопыту рэгулявання праваадносiнаў у сферы абароны правоў спажыўцоў у заканадаўстве дзяржаў — членаў Еўразійскага эканамічнага саюза.

У прыватнасці, устанаўліваецца iншы парадак заявы патрабаванняў у дачыненні да тэхнічна складаных і дарагіх тавараў. Пасля 30 дзён ад пакупкі спажывец мае права заявіць патрабаванне аб замене або вяртанні такога тавару толькі ў двух выпадках: пры выяўленні істотнага недахопу; пры парушэнні суб’ектам тэрмінаў бязвыплатнага рамонту.

Прадугледжаная магчымасць павелічэння з пісьмовай згоды спажыўца тэрміну бясплатнага (гарантыйнага) рамонту з 14 да 30 дзён. Па прапанове суб’ектаў гандлю ўводзіцца абавязак рамонтных арганізацый ажыццяўляць праверку якасці дастаўленага ім прадаўцамі (пастаўшчыкамі) тавару ў трохдзённы тэрмін (з мэтай забеспячэння своечасовага выканання законных патрабаванняў спажыўца).

Прадугледжваецца права прадаўца (вытворцы, пастаўшчыка, рамонтнай арганізацыі) спагнаць выдаткі на захоўванне тавару са спажыўцоў, якія пасля заканчэння двух месяцаў з моманту правядзення экспертызы або бясплатнага рамонту не з’яўляюцца па тавар без паважных прычын.

Прадугледжваецца абавязак спажыўца пры вяртанні якаснага тавару вярнуць яго ва ўпакоўцы, у якой ён быў прададзены. Акрамя таго, у закон унесены шэраг паправак з мэтай яго прывядзення ў адпаведнасць з правам Еўразійскага эканамічнага саюза і іншымі заканадаўчымі актамі Беларусі.

belapan.by