На „Гродна Азоце” не працуюць ужо два цэхі (абноўлена)
На „Гродна Азоце” спынілі другі цэх – «Карбамід-4». Гэта адбылося з-за праблем у працы іншага цэха – «Аміяк-4», які спыніўся сёння раніцай, перадае tut.by.
Днём – каля 15.57 – пры пускавых работах на «Аміяк-4» з-за зніжэння роўню ў паразборніку адбылося поўнае спыненне цэха, з прычыны чаго спыніўся таксама іншы цэх – «Карбамід-4».
«Карбамід-4″ змогуць запусціць пасля таго, як адновяць працу «Аміяк-4».
У цэху «Аміяк-4» з 18 верасня праводзілі рамонтныя работы на працягу 25 сутак.
Нагадаем, 26 кастрычніка некаторыя працоўныя «Гродна Азота» вырашылі далучыцца да агульнанацыянальнай забастоўкі. Фармат быў такі: у цэхах людзі, якія адпрацавалі змену уначы, не здавалі яе тым, хто прыйшоў раніцай на працу. Частка работнікаў па-ранейшаму знаходзіцца ў стачцы.
Зараз актывісты «Гродна Азота» пры падтрымцы ініцыятывы «Сумленныя людзі» збіраюць заявы ад тых, хто хацеў бы далучыцца да стачкі, але баіцца рабіць гэта публічна з-за невялікай колькасці чалавек у ёй.
Аднак, некаторыя завадчане адразу аб’яўляюць пра ўступленні ў стачку. За апошнія чатыры дні такіх было трое. 3 лістапада заяву аб далучэнні да стачкі пакінуў электразваршчык 6-га разраду цэха «Карбамід-4» Міхаіл Рачынскі.
* * *
На «Гродна Азот» спыніўся адзін з цэхаў. Што адбылося і чаму гарыць факел.
У панядзелак раніцай з’явілася інфармацыя аб праблемах у працы цэха «Аміяк-4». і што ён нібыта спынены. Пазней сталі паступаць паведамленні аб тым, што над цэхам заўважылі аварыйны факел, піша Tut.by.
На прадпрыемстве пацвердзілі, што спыненне цэха «Аміяк-4» сапраўды адбылося каля 5.30. Прычына — у тэхналагічным працэсе аддзялення “ачысткі канвертаванага газу” адбылося спыненне кампрэсара сінтэз-газу ў цэху «Аміяк-4» са скідам АВС (азотна-вадароднай сумесі) на факел».
«Зараз вядуцца работы па наладжванні тэхналагічнага працэсу і далейшага запуску цэха. Пагрозы гораду, экалогіі, жыхарам і работнікам прадпрыемства няма», – паведамілі на прадпрыемстве.
Беларускае Радыё Рацыя