Надзея Ермакова сыходзіць з пасады кіраўніка Белгазпрамбанка



Надзея Ермакова пакідае пасаду старшыні праўлення ААТ „Белгазпрамбанк”, сёння яе апошні працоўны дзень. Як стала вядома Смартпресс, пра гэта Ермакова паведаміла супрацоўнікам у лісце, разасланым па карпаратыўнай пошце.

У сярэдзіне чэрвеня мінулага года, пасля ўзбуджэння Дэпартаментам фінансавых расследаванняў КДК крымінальнай справы ў дачыненні да шэрагу супрацоўнікаў Белгазпрамбанка, у тым ліку членаў праўлення і кіраўніка Віктара Бабарыка, Нацбанк увёў у банку часовую адміністрацыю. Кіраўніком часовай адміністрацыі банка была прызначаная Надзея Ермакова.

Адбылося гэта праз непрацяглы час пасля таго, як былы старшыня праўлення Белгазпрамбанка Віктар Бабарыка заявіў аб намеры ўдзельнічаць у кампаніі па выбарах прэзідэнта Беларусі.

Пазней (у студзені бягучага года) Ермакова была прызначаная старшынёй праўлення банка.

Надзея Ермакова была старшынёй праўлення Нацыянальнага банка Беларусі з канца ліпеня 2011 года па канец снежня 2014 года. Да прызначэння старшынёй праўлення Нацбанка (са студзеня 1996 года) была намеснікам старшыні, а затым старшынёй праўлення ААТ „Ашчадны банк Беларусбанк”.