„Нафтан” далучаецца да ўсеагульнай акцыі салідарнасці
Прыкладна тысяча работнікаў ААТ „Нафтан” (Наваполацк, Віцебская вобласць) сабраліся 14 жніўня на мітынг ля ўваходу ў заводакіраўніцтва нафтаперапрацоўчага прадпрыемства.
У выніку амаль гадзіннага мітынгу кіраўніцтву завода быў вылучаны шэраг патрабаванняў. Сярод іх: „ініцыяваць і правесці неадкладную адстаўку Лукашэнкі А.Р., які незаконна ўтрымлівае ўладу і незаконна знаходзіцца на пасадзе прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, „прызнаць дзейным прэзідэнтам Ціханоўскую Святлану Георгіеўну, якая законна атрымала перамогу на выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2020”. Акрамя гэтага, работнікі „Нафтана” патрабуюць вызваліць палітвязняў і забараніць фізічны гвалт у дачыненні да грамадзян.
На сустрэчу з рабочымі прыбыў старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў. Падчас абмеркавання калектыў прадпрыемства пагадзіўся не пачынаць забастоўку сёння, як планавалася першапачаткова, а пачакаць выканання выстаўленых патрабаванняў да 17 жніўня. У выпадку невыканання работнікі нафтаперапрацоўчага прадпрыемства маюць намер распачаць бестэрміновую забастоўку.
Яшчэ прыблізна тысяча рабочых і інжынераў сабраліся на аналагічны мітынг каля завода „Палімір”, які ўваходзіць у склад ААТ „Нафтан”.
У самім Наваполацку зараз пачынаецца стыхійны мітынг. На цэнтральнай плошчы горада сабралася шмат мясцовых жыхароў, якія чакаюць сустрэчы з кіраўніком гарвыканкама.
belapan.by
