„Нафтан” пачаў перапрацоўку нарвежскай нафты
Наваполацкі завод „Нафтан” пачаў перапрацоўку нарвежскай нафты Johan Sverdrup.
„Пачаўся тэхналагічны працэс, мы пачалі перапрацоўку”, — сказаў генеральны дырэктар ААТ „Нафтан” Аляксандр Дзямідаў, якога цытуе „Вестник Нафтана”, што выдаецца наваполацкім НПЗ.
Паводле слоў кіраўніка прадпрыемства, па якасных характарыстыках нарвежская нафта лепшая за расійскую Urals, якую раней перапрацоўваў НПЗ.
„Ужо прыйшоў другі састаў, чакаем трэці. Нафта прайшла ўваходны кантроль. Ён пацвердзіў, што ўтрыманне серы ў нафце Johan Sverdrup меншае, чым у сыравіне Urals”, — паведаміў Дзямідаў.
Ён адзначыў, што ў будучыні завод мае намер выбіраць найбольш аптымальныя варыянты загрузкі магутнасцей. „Наша задача — усё арганізаваць на сістэмнай аснове. Мы адсочваем усе новыя магчымасці, якія з’яўляюцца на рынку, будзем аналізаваць, выбіраць аптымальныя варыянты”, — сказаў Дзямідаў.
На мінулым тыдні падчас нарады Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу працягваць закупляць нафту з альтэрнатыўных Расіі крыніц. „Мы павінны на практыцы паглядзець, у што гэта выльецца. А так браты з Усходу палохаюць, што гэта будзе вельмі дорага. Мы таксама, не палічыўшы, не пакаштаваўшы, думаем, што мы не адолеем. Таму прынятае рашэнне закупіць няхай азербайджанскую, саудаўскую, нарвежскую, амерыканскую — не важна, якую нафту, па сусветных цэнах”, — сказаў Лукашэнка.
Пры гэтым ён прызнаў, што ў поўным аб’ёме альтэрнатывы расійскай нафце пакуль няма.
„Але, як мы дамаўляліся, дыверсіфікавацца нам трэба. Трэба ісці да таго, што 30-40% мы будзем купляць нафты ў Расійскай Федэрацыі. Працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 — цераз Украіну”, — заявіў Лукашэнка.
Як паведамлялася, у 2019 годзе беларускія НПЗ павінны былі перапрацаваць 18 млн тон нафты, прычым уся вуглевадародная сыравіна паступала з Расіі.
Фота interfax.by