„Нафтан” плануе павялічыць пастаўкі нафтапрадуктаў у Пакістан
ААТ „Нафтан” плануе ў кастрычніку на 30% павялічыць пастаўку нафтапрадуктаў у Пакістан. Адпаведныя дамоўленасці дасягнутыя падчас удзелу прадпрыемства ў міжнароднай выставе IEMA, якая прайшла ў Лахоры 26—28 верасня, паведаміла прэс-служба Нацыянальнага цэнтра маркетынгу МЗС Беларусі.
„Нафтан” таксама дамовіўся ажыццявіць у лістападзе ў Пакістан некалькі буйных паставак — 100—200 тон кожная.
У сваю чаргу прадстаўнікі ААТ „БелАЗ” падчас выставы абмеркавалі магчымасці пастаўкі ў Пакістан ў найбліжэйшыя два гады 88 кар’ерных самазвалаў грузападымальнасцю 90—110 тон.
ААТ „Магілёўскі металургічны завод” дамовілася аб пастаўках чарнавых восяў для Пакістанскай чыгункі і ліцейнага чыгуну.
Яшчэ адзін беларуcкі ўдзельнік выставы, ААТ „Белшына”, згодна з дасягнутымі дамоўленасцямі, рэалізуе на тэрыторыі Пакістана да канца гэтага года прадукцыі на 4 млн еўра. Вытворца шын таксама падпісаў мемарандум аб узаемаразуменні з найбуйнейшай лагістычнай кампаніяй Пакістана.
ААТ „МАЗ” абмеркавала магчымасць стварэння зборачнай вытворчасці, сэрвіснай і тавараправоднай сеткі ў Пакістане.
ААТ „Полацк-Шкловалакно” паводле вынікаў праведзеных перамоў падпісала кантракт на пастаўку прадукцыі на 88.800 еўра.
Таксама падчас выставы Нацыянальная акадэмія навук Беларусі падпісала пагадненне аб супрацоўніцтве ў галіне магнітных матэрыялаў і пратакол аб намерах па распрацоўцы выкарыстання электроннай керамікі. Міністэрства адукацыі Беларусі і Фізіка-тэхнічны інстытут НАНБ заключылі пагадненні аб навукова-тэхнічным, тэхналагічным, акадэмічным супрацоўніцтве, развіцці адносін паміж навукоўцамі і прамысловасцю з замежнымі арганізацыямі і карпарацыямі.
Нацыянальны стэнд Беларусі на выставе ўключаў тры раздзелы: прамысловасць, машынабудаванне і сельскагаспадарчая тэхніка; нафтахімічная прамысловасць; навукова-тэхнічныя распрацоўкі. Арганізатарам нацыянальнай экспазіцыі, а таксама беларуска-пакістанскага бізнес-форуму выступіў Нацыянальны цэнтр маркетынгу.
„Удзел у выставе і дзелавых сустрэчах дазволіў акрэсліць далейшыя шляхі развіцця двухбаковых адносін, пашырыць магчымасці па актывізацыі супрацоўніцтва паміж краінамі”, — адзначыла прэс-служба.