„Нафтан” выставіў расейскім пастаўшчыкам прэтэнзіі ў сувязі з няякаснай нафтай



Наваполацкае ААТ „Нафтан” выставіла расейскім пастаўшчыкам прэтэнзіі ў сувязі з прапампоўваннем няякаснай нафты і недазагрузкай вытворчасці. Пра гэта паведаміў журналістам 14 траўня ў Наваполацку (Віцебская вобласць) намеснік генеральнага дырэктара НПЗ „Нафтан” па вытворчасці Сяргей Алтухоў.

„Нас турбуе нявызначанасць далейшай пастаўкі нафты — і па траўні, і па чэрвені. Хацелася б мець запланаваную загрузку магутнасцяў. І чым хутчэй вырашыцца сітуацыя па забеспячэнні сыравінай у планавых лічбах, тым хутчэй мы выйдзем на планавы тэхналагічны рэжым”, — сказаў Алтухоў у эфіры навін тэлеканала „Беларусь 1”.

Паводле яго слоў, „важна памятаць пра забеспячэнне сыравінай, якую дае „Нафтан” сумежных прадпрыемствам канцэрна „Белнафтахім”. „Іх праца залежыць ад нашых паставак. На жаль, у нас яшчэ ёсць праблемы па забеспячэнні кантрактных абавязацельстваў з пакупнікамі нашай таварнай прадукцыі. Мы вымушаныя рэструктурызаваць нашы абавязацельствы па пастаўках тых аб`ёмаў, якія былі запланаваныя. Спадзяемся, што ў выніку перамоваў з расейскім бокам сітуацыя нармалізуецца, і завод выйдзе на планавыя паказчыкі”, — дадаў намеснік дырэктара прадпрыемства.

11 траўня Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, што з-за расейскай няякаснай нафты ў Беларусь страціла велізарныя грошы, якія вымяраюцца сотнямі мільёнаў долараў. „Гэта велізарны ўрон, нанесены нафтаправоду, самому абсталяванню на нафтаправодах (гэта ж помпы на саміх станцыях і ўсё іншае) і на НПЗ. І гэта велізарная шкода, якая была нанесеная краіне. Мы недаатрымалі пэўны прыбытак, валютную выручку, транзіт — мы велізарныя грошы страцілі. Гэта сотні мільёнаў долараў. Журналісты часта гэтую суму называюць, яны недалёка ад ісціны”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён патлумачыў, што пытанне аб канкрэтнай суме і механізме кампенсацыі страт Беларусі ад пастаўкі няякаснай расейскай нафты з прэзідэнтам Расеі не абмяркоўвалася. Тым не менш, дадаў ён, Уладзімір Пуцін у публічных выступах прызнаваў наяўнасць шкоды.

Пра пастаўкі няякаснай нафты па нафтаправодзе „Дружба” стала вядома з сярэдзіны красавіка з паведамлення канцэрна „Белнафтахім”. 22 красавіка з-за забруджанай хлорарганікай нафты на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне. Транзіт расейскай нафты ў Еўропу па нафтаправодзе „Дружба” быў спынены цалкам. У Расеі распачатая крымінальная справа аб наўмысным забруджванні нафты ў нафтаправодзе „Дружба”. У пачатку траўня чыстая нафта зноў пачала паступаць на тэрыторыю Беларусі.

13—14 траўня ў Браціславе (Славакія) праходзіць пасяджэнне Міжнароднай асацыяцыі транспарціроўшчыкаў нафты. Абмяркоўваецца ў тым ліку пытанне транзіту нафты ў Еўропу па нафтаправодзе „Дружба”. У перамовах удзельнічае беларуская дэлегацыя.

belapan.by