„Нафтану” не хапае будаўнікоў для своечасовага завяршэння мадэрнізацыі



Наваполацкаму нафтаперапрацоўчаму заводу „Нафтан” не хапае будаўнікоў для своечасовага завяршэння мадэрнізацыі.

Як паведамляе газета „Весник Нафтана”, 16 жніўня на прадпрыемстве адбылася нарада на чале з віцэ-прэм’ерам Ігарам Ляшэнкам. У ёй узялі ўдзел старшыня канцэрна „Белнафтахім” Андрэй Рыбакоў, кіраўніцтва Наваполацка, а таксама кіраўнікі генпадрадных і субпадрадных арганізацый, якія вядуць будаўніча-мантажныя работы на комплексе запаволенага каксавання. Абмяркоўвалася тэма мадэрнізацыі завода і недахопу спецыялістаў для яе своечасовага завяршэння.

„Шмат у чым адставанне ад графікаў звязанае з недахопам кваліфікаваных зваршчыкаў, мантажнікаў і спецыялістаў іншых будаўнічых прафесій”, — паведамляе „Вестник Нафтана”. Згодна з інфармацыяй выдання, віцэ-прэм’ер даручыў „у кароткія тэрміны павялічыць колькасць будаўнічага персаналу на аб’ектах”.

Раней „Белнафтахім” паведаміў, што згодна з даручэннем кіраўніка дзяржавы будаўніча-мантажныя работы на беларускіх НПЗ павінны быць завершаныя да 7 лістапада 2019 года.

На нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця ў пачатку 2019 года „Нафтан” анансаваў завяршэнне мадэрнізацыі беларускіх НПЗ сёлета. „Пасля чаго Беларусь зможа купляць нафту для наступнай перапрацоўкі не толькі ў Расеі”, — адзначыў ён.

Як паведамлялася раней, на беларускіх НПЗ у актыўнай стадыі знаходзіцца рэалізацыя двух буйных інвестыцыйных праектаў — будаўніцтва комплексу запаволенага каксавання ў ААТ „Нафтан” і комплексу гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых астаткаў у ААТ „Мазырскі НПЗ”. Сумарны кошт мадэрнізацыі — прыкладна 2,5 млрд долараў.

Беларускія ўлады разлічваюць, што ў выніку мадэрнізацыі на НПЗ павысіцца глыбіня перапрацоўкі нафты, і гэта дазволіць заводам эфектыўна перапрацоўваць не толькі расейскую вуглевадародную сыравіну, але таксама з іншых краін.

БелаПАН