Нафтавая вайна паміж Беларуссю і Расеяй працягваецца



ПАТ „Транснефць” адмовілася падпісваць прапанаванае беларускім бокам дадатковае пагадненне пра новы тарыф на транзіт нафты праз Беларусь. Дакумент вернуты без падпісання, паколькі беларускі бок парушае дзейную методыку ўзгаднення тарыфаў, заявіў прадстаўнік „Транснефці”, саветнік прэзідэнта кампаніі Ігар Дзёмін.

„Трэцяга кастрычніка 2016 года ў „Транснефть” паступіў ліст ад ААТ „Гомельтранснафта Дружба” з прапановай падпісаць дадатковае пагадненне да дзейнай дамовы на аказанне паслуг па транспарціроўцы нафты… Сутнасць праекта дадатковага пагаднення заключаецца ў павелічэнні кошту тарыфаў на паслугі па транспарціроўцы нафты па магістральных трубаводах з 10 кастрычніка 2016 года, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”, — цытуе Ігара Дзёміна агенцтва эканамічнай інфармацыі „Прайм”.

Некалькі гадзін таму ў каментары ТАСС Дзёмін паведаміў, што „Транснефть” апавясціла расійскія нафтавыя кампаніі пра павелічэнне тарыфу на транзіт нафты праз Беларусь. „Транснефть” інфармуе, што з 10 кастрычніка змяняюцца тарыфы на транспарціроўку праз Беларусь. Гэтыя змены будуць улічвацца пры афармленні задання на плацеж. Адначасова паведамляем, што праводзім работу па адмене пастановы, прынятай Беларуссю аб павышэнні тарыфу. У выпадку адмены пастановы „Транснефть” ажыццявіць вяртанне або залік залішне выплачаных сум, якія ўтворацца”, — сказаў ён.

У беларускім Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю пацвердзілі правядзенне беларуска-расейскіх перамоў, прысвечаных тэме транзіту нафты. „Вядуцца кансультацыі з расійскім бокам на ўзроўні кіраўніцтва міністэрства. Пасля іх прадстаўнікі ведамства дадуць каментары”, — паведаміла ТАСС прэс-сакратар міністэрства Аліна Гілевіч.

Атрымаць дадатковыя каментары ў афіцыйных прадстаўнікоў „Транснефти” і прэс-сакратара Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю пакуль не ўдалося.

Фота moscow-post.com