Найбліжэйшыя два гады будуць для беларускай эканомікі дастаткова напружанымі
2019—2020 гады для беларускай эканомікі будуць „дастаткова напружанымі”, заявіў 15 лютага міністр эканомікі Дзмітрый Крутой на пашыраным пасяджэнні калегіі міністэрства.
Крутой падкрэсліў, што летась удалося дасягнуць прагнозных параметраў па інфляцыі, росце грашовых даходаў насельніцтва, забяспечанае дадатнае сальда знешняга гандлю. „Але, з другога боку, у нас няма росту ВУП (3% замест запланаваных 3,5%. — БелаПАН.) і ёсць рост заробкаў вышэй за прадукцыйнасць працы”, — дадаў міністр.
Сельская гаспадарка і будаўніча-мантажныя работы значна адстаюць ад запланаваных параметраў росту, сказаў кіраўнік Мінэканомікі. „Па ВУП мы ідзем, як той казаў, упрытык”, — падкрэсліў ён.
Сістэмнай праблемай беларускай эканомікі, якая паўтараецца з года ў год, Крутой назваў нізкую прадукцыйнасць працы.
Ён адзначыў, што сёлета Мінэканомікі сумесна з іншымі ведамствамі неабходна распрацаваць прагноз на 2020 год, праграму развіцця на новую пяцігодку, нацыянальную стратэгію ўстойлівага развіцця да 2035 года і комплексны прагноз навукова-тэхнічнага развіцця да 2040 года.
Праект праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2021—2025 гады ўжо распрацоўваецца, у сакавіку будуць разгледжаныя яе асноўныя падыходы. Аляксандр Лукашэнка пры гэтым патрабуе дасягнення да 2025 года прыросту ВУП на 100 млрд долараў, нагадаў міністр. „Відавочна, што для вырашэння гэтай задачы патрэбная новая эканоміка”, — падкрэсліў ён.
У сувязі з гэтым Крутой заклікаў у найбліжэйшыя гады максімальна развіваць сферу паслуг, у тым ліку IT, бо пакуль, паводле яго слоў, „мы ёй займаемся па рэшткавым прынцыпе”.