Найбуйнейшы банк ЗША цалкам выйшаў з расейскай валюты



Найбуйнейшы ў ЗША банк па памеры актываў JP Morgan, пад кіраваннем якога знаходзяцца 2,6 трыльёна даляраў кліенцкіх грошай, у панядзелак, 24 студзеня, закрыў усе пазіцыі, што заставаліся, у расейскай валюце, спаслаўшыся на непрагназуемыя рызыкі ў сувязі з нарошчваннем расейскіх сіл на мяжы з Украінай.

Да красавіка мінулага года банк займаў пазіцыю «вышэй рынку» па рублю, але пачаў скарачаць укладанні ў расейскую валюту і дзярждоўг падчас вясновага абвастрэння геапалітыкі, піша АФН.

Тады банк прагназаваў, што рызыкі, звязаныя з рублём, пойдуць на спад цягам года, а адміністрацыя Джо Байдэна не наважыцца на эканамічныя захады супраць Масквы.

Улетку 2021 года JPM чакаў умацавання рубля да адзнакі 71 да чэрвеня 2022 года, спасылаючыся на павышэнне ключавой стаўкі ЦБ РФ і высокую прыбытковасць расейскай валюты, якая дазваляе зарабляць на аперацыях carry-trade.

Рубель недаацэнены на 6,4%, пісалі аналітыкі банка, калі курс даляра вагаўся каля 72-72 рублёў. Яны таксама адзначалі выгады, якія атрымлівае расейская эканоміка ад узляцелых коштаў сыравіны.

Праз паўгода, калі курс даляра падскочыў вышэй 79 рублёў, а еўра ледзь не прабіў адзнаку 90, JP Morgan прызнаў, што пазбаўляецца ад укладанняў у рублі са стратай.

«Мы закрываем усе нашы пакінутыя доўгія рублёвыя пазіцыі са стратай. Мы не можам з высокай ступенню ўпэўненасці адмесці негатыўныя сцэнары. Такім чынам, нашы існуючыя рэкамендацыі адносна доўгіх пазіцый страцілі сілу», — цытуе Reuters заяву банка.

Па дадзеных ЦБ РФ, замежныя інвестары пачалі згортваць доўгія пазіцыі па рублю яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка, калі курс даляра на кароткі час падаў ніжэй 70 рублёў. За лістапад-снежань нерэзідэнты зрэзалі стаўкі на рубель праз рынак свопаў на 13 млрд даляраў, да 17 млрд.

З рынку расейскай дзяржаўнай запазычанасці замежнікі вывелі 3,4 млрд даляраў летась, а яшчэ на 13 млрд даляраў скарацілі ўкладанні ў акцыі, піша finanz.ru.

У студзені, на фоне рэзкага абвастрэння стасункаў з Захадам і заяў аб пагрозе пачатку вайны з Украінай, спекулятыўны адток капіталу з расейскіх актываў мог скласці яшчэ 6-7 млрд даляраў, ацэньвае Райффайзенбанк.

З пачатку 2022 года рубель страціў 5,4% да даляра і ўзначаліў «хіт-парад» горшых валют краін, якія развіваюцца, нягледзячы на рэкордныя за 7 гадоў цэны на нафту, двухразовы рост даходаў ад экспарту газу і беспрэцэдэнтны ў гісторыі прыток валюты ў эканоміку па бягучым рахунку плацежнага балансу (120 млрд даляраў за 2021 год).

Рынак акцый тым часам страціў 50 млрд даляраў у пераліку на капіталізацыю індэкса РТС, кошты пазыковых папер Урада РФ абрынуліся да мінімуму з 2016 года, а кошт страхоўкі ад суверэннага дэфолту Расеі перавысіў пікі сакавіка-2020 (255 базісных пунктаў). Іншымі словамі, інвестары ацэньваюць рызыкі ўкладанняў у актывы РФ вышэй, чым з нафтай па 10 даляраў за барэль.