НАК падрыхтавала прапановы па стабілізацыі эканомікі Беларусі ў пераходны перыяд



Народнае антыкрызіснае кіраванне (НАК), створанае ў падтрымку Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу, падрыхтавала прапановы па стабілізацыі эканомікі Беларусі ў пераходны перыяд — з моманту сыходу Аляксандра Лукашэнкі, заявіў 4 снежня на прэс-канферэнцыі ў анлайн-фармаце кіраўнік НАК, член прэзідыума КР, былы чыноўнік і дыпламат Павел Латушка.

Паводле яго слоў, эканоміка Беларусі цяпер знаходзіцца ў пераддэфолтным стане. Ён звярнуў увагу на тое, што дзярждоўг з пачатку года вырас больш чым на 29% і склаў 22 млрд долараў — „у тры разы больш за золатавалютныя рэзервы краіны”. Латушка канстатаваў скарачэнне ЗВР, дэвальвацыю рубля і інфляцыю, падзенне ВУП і рэцэсію ў эканоміцы. Прадпрыемствы, адзначыў ён, працуюць з нізкай эфектыўнасцю і прадукцыйнасцю працы. Назіраецца падзенне экспарту і дэфіцыт бюджэту, падзенне даходаў і ўзроўню жыцця насельніцтва, інвестыцый, а таксама рэпрэсіі ў дачыненні да бізнесу.

Паводле слоў экс-чыноўніка, каб „наблізіць дату адлёту самалёта” Лукашэнкі і „знізіць да мінімуму шкоду ад дзеянняў нелегітымнай улады”, НАК будзе працаваць над тым, каб „мінімізаваць магчымасці нарошчвання рэжымам дзярждоўгу” шляхам перамоў з патэнцыяльнымі крэдыторамі, партнёрамі і ўрадамі замежных дзяржаў, а таксама „выяўляць, абнародаваць і прадухіляць магчымыя здзелкі па куплі, прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў у перыяд крызісу на нявыгадных для краіны ўмовах”. НАК таксама будзе „выяўляць, абнародаваць і па магчымасці прадухіляць прымяненне Нацбанкам і ўрадам неабгрунтаванай эмісіі” нацыянальнай валюты.

Акрамя таго, НАК будзе інфармаваць грамадзянскую супольнасць, бізнес і замежных партнёраў „аб сапраўдным становішчы спраў у сферы эканомікі і фінансаў, аб адсутнасці ва ўрада эканамічнай праграмы і няздольнасці рэжыму прадухіліць эканамічны крах Беларусі, аб выяўленых карупцыйных схемах, крадзяжах і вывадзе з краіны сродкаў Лукашэнкі і набліжаных асоб, дзяржаўным рэкеце ў дачыненні да бізнесу і прымусу да фінансавання рэжыму” і іншым.

Паводле слоў Латушкі, у пераходны перыяд НАК мае намер „забяспечыць фінансавую падтрымку Беларусі з боку міжнародных фінансавых інстытутаў і замежных дзяржаў, сфарміраваць стабілізацыйны антыкрызісны фонд з удзелам Расіі і ЕС, правесці перамовы з крэдыторамі Беларусі па пытанні рэструктурызацыі даўгоў”.

Таксама пад эгідай КР і НАК плануецца сфармаваць групу экспертаў для распрацоўкі эканамічных рэформаў, стварыць „кадравы рэестр для фарміравання будучага ўрада”. Акрамя гэтага, плануецца распрацаваць праекты дакументаў па „радыкальным спрашчэнні” ўмоў вядзення бізнесу і мараторыі на правядзенне праверак, дэкрыміналізацыі асобных эканамічных дзеянняў, правядзенні амністыі капіталу і яго вяртанні ў краіну.

НАК мае намер распрацаваць прапановы па зніжэнні фіскальнай нагрузкі на бізнес і яго падтрымцы ва ўмовах крызісу, у тым ліку шляхам правядзення падатковай і мытнай рэформаў.

„Прынцыпова важна прыняць меры па аптымізацыі выдаткаў на ўтрыманне дзяржапарату, — сказаў Латушка. — Мы гаворым аб неабходнасці скасавання Кіраўніцтва справамі прэзідэнта, продажу яго маёмасці —усіх рэзідэнцый, санаторна-курортных комплексаў, гасцініц, офісных, культурна-забаўляльных аб’ектаў, рэстаранаў, іншай рухомай і нерухомай маёмасці. Фактычна гэта асобнае царства ў дзяржаве, якое кантралюецца адным чалавекам аднаасобна”.

НАК таксама плануе распрацаваць прапановы па „самаабмежаваннях Камітэта дзяржкантролю”. „У адпаведнасці з Канстытуцыяй яго ліквідаваць у першы ж дзень немагчыма, таму існуе прававы падыход —самаабмежаванне яго функцый”, — растлумачыў Латушка.

Прапаноўваецца таксама стварыць адзіны орган па супрацьдзеянні эканамічным злачынствам, пры гэтым скасаваўшы дэпартаменты фінансавых расследаванняў і маніторынгу КДК, аддзел МУС па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі і галоўнае ўпраўленне МУС па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй.

„Прапаноўваем стварыць на базе Міністэрства фінансаў адзіны фіскальны орган, скасаваўшы Міністэрства па падатках і зборах, Дзяржаўны мытны камітэт, а таксама стварыць Міністэрства эканамічнага развіцця, скасаваўшы Мінэканомікі, МАРГ, Мінпрам, Мінжылкамгас і іншыя ведамствы. Гэта ўсё звязана са скарачэннем выдаткаў на ўтрыманне дзяржапарату”, — сказаў кіраўнік НАК.

Паводле слоў Латушкі, мяркуецца распрацаваць пакет прапаноў па прыватызацыі і продажы аб’ектаў у дзяржаўнай і камунальнай уласнасці „з безумоўным і максімальным улікам інтарэсаў работнікаў”, унесці прапановы па скасаванні інстытута спецыяльных імпарцёраў і экспарцёраў, падрыхтаваць прапановы па аднаўленні эканомікі на ключавых прадпрыемствах дзяржсектара, аператыўна замяніць прадстаўнікоў дзяржавы ў назіральных саветах дзяржпрадпрыемстваў.

Таксама плануецца распрацаваць меры па падтрымцы незанятых і малазабяспечаных грамадзян, адмяніць „дэкрэт аб дармаедстве”.

belapan.by