НАК заклікае нарвежцаў скасаваць кантракт Yara з „Беларуськаліем”
Народнае антыкрызіснае кіраванне (НАК) накіравала прадстаўнікам нарвежскай улады ліст, у якім просіць падтрымаць петыцыю з патрабаваннем разрыву кантракта Yara з „Беларуськаліем”, паведамляе тэлеграм-канал кіраўніка НАК Паўла Латушкі.
„Дакумент накіраваны ў міністэрства гандлю, прамысловасці і рыбалоўства, міністэрства сельскай гаспадаркі, Ліберальную партыю, да нарвежскіх дэпутатаў, а таксама ў амбасады Нарвегіі ў краінах Еўропы”, – гаворыцца ў паведамленні.
У лісце пакдрэсліваецца, што беларусы шматразова звярталіся да кіраўніцтва кампаніі Yara з просьбай прыпыніць бягучыя кантакты з „Беларуськаліем” і ўстрымацца ад падпісання новых пагадненняў да спынення масавых рэпрэсій у Беларусі. Адпаведную петыцыю да кіраўніцтва Yara падпісала ўже 85 тысяч беларусаў. НАК таксама нагадвае, што нарвежскі ўрад, як галоўны акцыянер Yara (ураду Нарвегіі належыць 36,2% акцый), да гэтай пары не ініцыявала праверку адпаведнасці інвестыцый Yara ў Беларусь па крытэрах адказнага інвеставання ESG. І гэта на фоне таго, што дацкія інвестыцыйныя фонды пазбавіліся ад беларускіх дзяржаблігацый з-за палітычнай сітуацыі ў Беларусі і неадпаведнасці гэтых інвестыцый стандартам ESG.
„Разрыў кантракта – змушаная мера. Гэта права Yara, заснаванае на іх кодэксе этыкі, які павінен прымяняцца заходнімі кампаніямі ў дачыненні з прадпрыемствамі, на якіх масава парушаюцца правы рабочых. У нелегітымнай улады ёсць адзін выхад – спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітычных вязняў, прыцягнуць вінаватых да адказнасці і прызначыць новыя, адкрытыя і свабодныя выбары. Іначай ціск будзе толькі ўзмацняцца”, – пракаментаваў Латушка ў сваім telegram-канале.
Беларускае Радыё Рацыя