Наплыў турыстаў — кватэры ў Гародні здаюць і па 100 даляраў за суткі



Складанасці з атрыманнем візы падштурхоўваюць беларусаў і расіян падарожнічаць па Беларусі. Адзін з самых папулярных кірункаў — Гародня, дзе вялікі попыт узвінціў цэны на пасутачную арэнду жытла.

Турысты скардзяцца на высокія цэны, а мясцовыя жыхары бачаць у гэтым выгадную нішу для інвестыцый. Журналісты “Нашай Нівы” пацікавіліся, што з цэнамі.

Калі не браць пад увагу кватэры, дзе апошні раз капітальны рамонт рабілі яшчэ “пры саветах”, то цэны за ноч на выхадных стартуюць са 120—140 рублёў за 1—2 асобы. Столькі просяць за аднапакаёўкі ў спальных раёнах горада. Ахвотным пасяліцца на выхадных у цэнтры горада давядзецца разлічваць на цану ад 160 рублёў за ноч.

Многія ж гаспадары здаюць кватэру мінімум на дзве ночы. Адзін з самых танных варыянтаў, які можна адшукаць на “Куфры» (сэрвіс, які замяніў беларусам Booking), — 200 рублёў за два выхадныя дні. І гэта яшчэ вельмі танна за дзве ночы. Да прыкладу, за  аднапакаёвую кватэру па вуліцы Кірава давядзецца заплаціць 320 рублёў за дзве ночы. На меншы перыяд кватэра не здаецца. “Нават у самы кепскі месяц са здачы дзвюх кватэр чыстымі выходзіць не менш за 1000 даляраў”, — прызнаўся журналістам адзін з суразмоўцаў.

“Белавія” прадае адзін са сваіх “Боінгаў”

Беларуская авіякампанія “Белавія” прадае адзін са сваіх самалётаў Boeing. Аўкцыён прызначылі на 18 жніўня. Стартавая цана — 5,7 мільёна рублёў. Самалёт Boeing 737-500 выпушчаны ў 1996 годзе.

Першапачаткова гэты самалёт уваходзіў у склад паветранага флоту Бразіліі, потым выкарыстоўваўся літоўскім авіяперавозчыкам, а ў “Белавія” ён з 2009 года. Сёлета борт лётаў усяго адзін раз, з Екацярынбурга ў Менск, а потым стаяў на захоўванні.

Улады ЗША ў 2022 годзе забаранілі абслугоўванне Boeing з Беларусі, таму рухавікі гэтага паветранага судна маюць патрэбу ў капрамонце. Зыходзячы са звестак з сайта “Белавія”, у парку авіякампаніі яшчэ застаюцца і іншыя самалёты Boeing і Embraer.

Былога вытворцу мэблі IKEA у Беларусі дазволяць прадаць?

Урад Беларусі змяніў пералік юрыдычных асоб  з замежнымі акцыянерамі, якія забаронена прадаваць, піша Office Life. Усяго ў спісе юрыдычных асоб, якія забаронена прадаваць, да сёння было 1795 пазіцый.

А гаворка ідзе аб прадпрыемстве “СВУДС экспарт” – гэта лесанарыхтоўчае і дрэваапрацоўчае прадпрыемства ў Барысаве, якое раней вырабляла ў тым ліку мэблю для IKEA. Яго стварыла ў 2010-х гадах клайпедская кампанія VMG Group. У мінулым годзе кампанія заявіла аб прыпыненні дзейнасці ў Беларусі і правяла рэбрэндынг даччыных кампаній у Беларусі. “СВУДС экспарт” – гэта быў адзіны беларускі актыў кампаніі, які не быў перайменаваны і не ўвайшоў у новую структуру Novus Group.

“Барбіманія” і вялікія грошы

За першыя выходныя фільм “Барбі” сабраў у пракаце толькі  ў ЗША 155 мільёнаў даляраў, стаўшы самай касавай карцінай года, і падняў у цане акцыі кампаніі Mattel. А кампанія на фоне поспеху фільма заявіла, што плануе пераўтварыць “Барбі” ў кінафраншызу. Акрамя таго, з’явяцца фільмы і пра іншыя папулярныя цацкі.

Агулам у распрацоўцы знаходзяцца 14 фільмаў пра розныя цацкі, напрыклад, пра дыназаўра Барні і цацачную гульню UNO.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з адкрытых крыніц