Насельніцтва купіла валюты амаль на 90 млн даляраў больш, чым прадало
У кастрычніку насельніцтва выступіла чыстым пакупніком замежнай валюты, а прадпрыемствы, банкі і нерэзідэнты прадавалі валюты больш, чым куплялі, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага банка.
Нагадаем, у жніўні пасля выбараў на фоне росту дэвальвацыйных чаканняў у Беларусі назіраўся павышаны попыт на замежную валюту — як з боку насельніцтва, так і з боку прадпрыемстваў.
У верасні сітуацыя на валютным рынку стала мяняцца: насельніцтва засталося чыстым пакупніком замежнай валюты, а юрыдычныя асобы сталі прадаваць замежнай валюты больш, чым купляць.
Аналагічная сітуацыя захавалася і ў кастрычніку, сведчаць статдадзеныя Нацыянальнага банка.
У кастрычніку фізасобы на чыстай аснове купілі замежнай валюты на 89,4 млн даляраў, а суб’екты гаспадарання прадалі валюты больш, чым купілі, на 231,2 млн даляраў. Чыстымі прадаўцамі замежнай валюты ў кастрычніку выступілі таксама банкі (40,3 млн долараў) і нерэзідэнты (76 млн долараў).
У цэлым за студзень—кастрычнік фізасобы купілі замежнай валюты больш, чым прадалі, на 1.639,9 млн даляраў, суб’екты гаспадарання (рэзідэнты) — на 1.117,4 млн даляраў. Нерэзідэнты ў студзені—кастрычніку выступілі чыстымі прадаўцамі замежнай валюты (483,5 млн даляраў), таксама чыстымі прадаўцамі замежнай валюты з’яўляліся і банкі (667,2 млн даляраў).
Тэма стану валютнага рынку падымалася ў кастрычніку ў Палаце прадстаўнікоў падчас выступу прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі. Адказваючы на пытанні дэпутатаў, кіраўнік урада звярнуў увагу на стабілізацыю сітуацыі на валютным рынку. „Упаў попыт на валюту, стабілізавалася сітуацыя на дэпазітным рынку”, — сказаў Галоўчанка.
Паводле яго слоў, ва ўрада і Нацбанка дастаткова інструментаў, рэсурсаў і рэзерваў, каб трымаць сітуацыю пад кантролем. Галоўчанка лічыць, што пэўны націск на валютны і фінансавы рынак быў створаны ў трэцім квартале штучна з дапамогай дэзынфармацыі — гэта была „хваля атакі з мэтай пакласці эканоміку”.