Настаўнікам з 1 верасня падвысяць заробкі
Настаўнікам у Беларусі з 1 верасня значна паднімуць заробкі. Адпаведная пастанова № 265 прынята Міністэрствам адукацыі.
Паводле пастановы, да прыкладу, устанаўліваецца надбаўка за працу ў галіне:
– выхавацелям дашкольнай адукацыі ў памеры 20 працэнтаў ад акладу;
– памочнікам выхавацеля ў памеры 10 працэнтаў ад акладу;
– настаўнікам (за выключэннем настаўнікаў дзіцячых школ мастацтваў) у памеры 21% ад акладу;
– выкладчыкам (за выключэннем тых, якія адносяцца да прафесарска-выкладчыцкага складу), майстрам вытворчага навучання ўстаноў адукацыі ў памеры 6% ад акладу і так далей.
Атрымаць юрыдычныя паслугі стане больш складаным?
У Беларусі паўстала чарговая праблема на рынку працы, яна датычыць спецыялістаў, якія аказваюць юрыдычныя паслугі. Бізнес і самі юрысты звяртаюць увагу Мінюста на тое, што праз узмацненне жорсткасці ліцэнзавання такіх паслуг істотна знізілася колькасць тых, хто здае кваліфікацыйны экзамен. “Гэта пацягне істотнае скарачэнне колькасці суб’ектаў, якія маюць права на аказанне юрыдычных паслуг, што негатыўна паўплывае на ўмовы вядзення бізнесу”, — заяўляюць у Савеце па развіцці прадпрымальніцтва.
Як нагадвае “Зеркало”, з гэтага года пачаў дзейнічаць новы закон “Аб ліцэнзаванні”, які зрабіў больш жорсткім ліцэнзаванне юрыдычных паслуг. Як вынік усё менш асоб здаюць кваліфікацыйны экзамен.
У Беларусі тэсціруюць камбайн са штучным інтэлектам
Прадпрыемства “Гомсельмаш” праводзіць тэставыя выпрабаванні суперкамбайна. Ён абсталяваны сістэмай кагнітыўных тэхналогій расейскай вытворчасці, паведамляе БелТА са спасылкай на гендырэктара холдынгу Аляксандра Новікава. За час тэсціравання навінкі плануюць ацаніць яе эфектыўнасць, каб з лічбамі ў руках расказваць пакупнікам, што дае новая сістэма, піша Office Life.
Пры гэтым, кажа Аляксандр Новікаў, беспілотнае ваджэнне камбайна пакуль немагчыма. Механізатар у кабіне неабходны, бо могуць узнікнуць няштатныя сітуацыі. Напрыклад, пад пасевамі можа апынуцца вялізны камень, і трэба хутка зрэагаваць. У цэлым жа пры рабоце на камбайне са штучным інтэлектам механізатар можа піць каву ў кабіне, пакуль машына ўбірае ўраджай, але пры гэтым ён павінен уважліва назіраць за працэсам.
Шоурум Іранскіх аўтамабіляў з’явіўся ў Менску
У Менску з’явіўся шоурум афіцыйнага дылера іранскага аўтавытворцы Saipa. На беларускі рынак брэнд выйшаў з трыма мадэлямі: хэтчбэкам Quik і седанамі Saina і Shahin. Пра гэта паведамляе Onliner.
Раней анансаваўся кошт аўта ад 13 да 22 тысяч даляраў. Акрамя гэтага, на аўтамабілі распаўсюджваецца гарантыя на тры гады або 100 тыс. км прабегу.
У сакавіку Іран і Беларусь дамовіліся аб экспарце ў найбліжэйшыя тры гады 45 тысяч аўтамабіляў вытворцы Saipa. Сума кантракта – 450 мільёнаў даляраў. Беларускія аўтадылеры адзначалі, што ў Беларусі столькі машын не патрэбна, таму асноўны аб’ём пойдзе ў Расею, а ў Беларусі плануюць прадаваць ад 500 да 1 тысячы іранскіх машын у год.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота мае ілюстрацыйны характар.