Наступствы парушэння “часовага ўвозу аўтамабіля”
“Французскія мытнікі затрымалі мой нямецкі аўтамабіль і патрабуюць, каб я заплаціў мыту”, – з такой праблемай звярнуўся наш слухач да эканамічнага эксперта Беларускага Радыё Рацыя.
Па словах эканамічнага эксперта, наш слухач патрапіў у такую сітуацыю з прычыны няведання еўрапейскіх законаў. Як сцвярджае слухач, год таму ён быў вымушаны выехаць з роднага краю разам з сям’ёй у Францыю. Хваляванне за сям’ю і страх перад магчымымі рэпрэсіямі з боку беларускай улады прымусілі змяніць месца жыхарста. Такім чынам, другой радзімай для слухача і яго сям’і стала Францыя, дзе ён атрымаў статус уцекача, знайшоў легальную працу і атрымаў карту сталага месцажыхарстава. Сын паступіў ва ўніверсітэт у Парыжы. На тэрыторыі Еўразвязу ездзіў на уласным аўтамабілі маркі Mercedes (мадэль 2004 года) з беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі.
3 лістапада 2013 года наш слухач адвозіў сына ў аэрапорт у Парыжы. Там адзін з супрацоўнікаў французскай мытні зацікавіўся яго машынай, якая стаяла на платнай паркоўцы. Мытнікі папрасілі ўладальніка аўтамабіля паказаць свой пашпарт і дакументы на машыну: тэхнічны пашпарт, страхоўку і зялёную карту. Пасля праверкі ўсіх дакументаў супрацоўнікі французскай мытні вырашылі затрымаць аўтамабіль з беларускімі рэгістрацыйнымі нумарамі і паставілі аўто на закрытую паркоўку французскай мытнай службы. Як стала вядома, прычына такіх дзеянняў з боку мытнікаў – адсутнасць аплаты акцызы і мыты на ўвоз аўтамабіля ў памеры некалькіх тысяч еўра. Уладальнік машыны быў вельмі здзіўлены, не дапамаглі і тлумачэнні, што гэта нямецкая машына, што не быў звернуты падатак VAT на мяжы, што гэта нейкая памылка і г.д.
Хто меў рацыю? Канешне, у гэтым выпадку, на жаль, рацыю мелі французскія мытнікі. Грамадзяне Беларусі мусяць памятаць, што перамяшчэнне праз мяжу Еўрапескага звязу на машыне, якая зарэгістравана на тэрыторыі Беларусі, ёсць мытнай працэдурай, якая называецца “часовым увозам транспартнага сродку”. Гэта значыць, што аўтамабіль уязджае на тэрыторыю Еўразвязу пры пэўных умовах і мусіць пакінуць яе ў вызначаны тэрмін. Паводле еўрапейскіх законаў, аўтамабіль, зарэгістраваны ў краіне, якая не з’яўляецца чальцом ЕЗ, мусіць цягам аднаго месяца пакінуць межы Еўрапейскага звязу. Транспартны сродак можа заставацца на тэрыторыі ЕЗ толькі ў тым выпадку, калі будуць аплочаныя акцыза, мыта, падатак VAT і аўтамабіль будзе перарэгістраваны. І тут не мае значэння марка машыны. Знаходжанне транспартнага сродку на тэрыторыі ЕЗ больш за адзін месяц ужо незаконнае. Таму, калі аўтамабіль з розных прычынаў (і такіх, што апісаныя вышэй) будзе знаходзіцца на тэрыторыі ЕЗ даўжэй за гэты тэрмін, трэба загадзя звярнуцца з пісьмовай просьбай да кіраўніка Мытнай службы, які дасць дазвол на знаходжанне транспартнага сродку, зарэгістраванага на тэрыторыі Беларусі. Аднак гэты тэрмін не можа быць большы за 6 месяцаў.
Якое выйсце з такой сітуацыі? У гэтым выпадку найлепш было б “добраахвотна панесці адказнасць”. Вельмі важна скарыстацца такой магчымасцю і, вядома, паведаміць пра гэта мытнікам. Тады такая працэдура вымагае ад іх іншых паводзінаў, бо з’яўляецца прэзумпцыя гатоўнасці пакрыць шкоду, нанасеную казне краіны, з боку асобы, якая здзейсніла парушэнне закону. У найлепшым выпадку звінавачаную асобу чакае вялікі штраф і абавязак тэрміновага вывазу аўтамабіля па-за межы Еўрапейскага звязу. У другім выпадку трэба быць падрыхтаваным да нятаннай мытнай працэдуры „дазвол на продаж” (аплата мыты, акцызы, падаткаў) і рэгістрацыі транспартнага сродку ў Францыі альбо чакаць канфіскацыі аўтамабіля, уключна з коштамі яго ўтылізацыі.
Аналагічныя правілы (але больш жорсткія) тычацца падарожнікаў, якія едуць у Беларусь на еўрапейскіх рэгістрацыйных нумарах, дзе абавязкова трэба аформіць на аўтамабіль “часовы ўвоз”, максімальны тэрмін якога можа быць 3 месяцы. Падарожнік мусіць захаваць і пільнаваць гэты дакумент, бо кожны раз пры перасячэнні мяжы абавязаны прадставіць яго мытнікам.
Яшчэ горш выглядае сітуацыя для тых асоб, якія атрымалі так званы “від на жыхарства”. У іх выпадку працэдура ўвозу аўтамабіля больш складаная і вымагае ўнясення гарантыйнага закладу. Па словах нашага эканамічнага эксперта, балюча пераканаўся ў гэтым яго сябар, які ажаніўся ў Беларусі з яе грамадзянкай. Жыве ў Гародні, гандлюе фарбамі і элементамі дызайну інтэр’еру. Заўсёды перасякаў мяжу без праблем. На мяжы кожны раз станавіўся на чырвоны канал і ўсё рабіў у адпаведнсці з мытнымі працэдурамі, якія вынікаюць з “часовага ўвозу”. І вось аднойчы “наймудрэйшы” з беларускіх мытнікаў заўважыў неадпаведнасць з беларускім правам, у выніку чаго кіроўцу звінавацілі ў парушэнні перамяшчэння праз мяжу. Як аказалася, 22 разы ён пераязджаў праз мяжу нелегальна на аўтамабілі, зарэгістраваным у Польшчы. А маючы месца жыхарства ў Беларусі, мусіць у такім выпадку ўнесці гарантыйны заклад. У звязку з гэтым было складзена 22 пратаколы з 22 пячаткамі і 22 подпісамі. Аўтамабіль знаходзіцца на мытнай паркоўцы, а справа накіравана ў суд у Гародні. Заняло гэта пару гадзін. Як будзе выглядаць справа далей – паглядзім.
Кожная дзяржава мае ўласны пункт гледжання і карыстаецца сваімі правіламі. Але іх няведанне не вызваляе нас ад адказнасці за ўчыненае парушэнне заканадаўства. Часам няведанне можа каштаваць шмат. Таму ў складаных выпадках варта звярнуцца да адпаведных мытных, памежных і гарадскіх службаў.
Беларускае Радыё Рацыя