Наталля Радзіна: Бяздзейнічаць далей немагчыма
З рэдактарам сайта Хартыя-97 Наталляй Радзінай у эфіры нашага радыё Стас Дадэрка размаўляў наконт закліку да страйку і пра гатовасць людзей да яго.
РР: Па словах Сяргея Дылеўскага, лідара Беларускага аб’яднання працоўных, які анансаваў старт агульнанацыянальнага страйку на 1 лістапада, на панядзелак, менавіта вы і ўвогуле кампанія “Еўрапейская Беларусь” натхнілі яго на гэта. Так гэта ці не?
Наталля Радзіна: На самой справе ў камандзе Сяргея Дылеўскага велізарная колькасць людзей, і я ганаруся тым, што трапіла ў гэтую каманду. Я падтрымліваю ідэю страйку, агульнанацыянальнага лакдаўну і народнага каранціна. Таму што цяпер неабходна прадпрымаць нейкія сур’ёзныя дзеянні. Хопіць чакаць.
Мы бачым, што штодзённа ў Беларусі памірае некалькі соцень чалавек, ад 200 да 300 чалавек у дзень – кажуць лекары. Хварэе больш за мільён грамадзян Беларусі, пры гэтым мы бачым, што злачынца Лукашэнка не ўводзіць каранцін, наадварот – адмяняе нашэнне масак. А людзі сёння паміраюць у лякарнях з-за недахопу і лекаў, і недахопу медыцынскага персаналу, і недахопу месцаў у лякарнях. Таму сітуацыя жахлівая.
І сёння, акрамя таго, што мы маем татальнае парушэнне правоў чалавека ў Беларусі – рэпрэсіі супраць усіх пластоў грамадства, мы яшчэ назіраем смерці людзей ад каронавірусу па прычыне папушчальніцкай і злачыннай палітыкі ўладаў.
У гэтай сітуацыі неабходна рабіць усё магчымае. І Сяргей Дылеўскі прапанаваў варыянт заставацца беларусам дома. Гэта можа быць сапраўды вельмі сур’ёзнай масавай акцыяй. Цяпер мы не можам заклікаць людзей пратэставаць на вуліцах, а вось застацца дома – гэта можа зрабіць кожны. Дзеля захавання свайго асабістага жыцця, дзеля захавання здароўя сваіх родных і блізкіх, і, уласна, дзеля краіны.
РР: Сапраўды, галоўнае адрозненне закліку да сёлетняй агульнанацыянальнай забастоўкі ад мінулагодняй у тым, што нікога не заклікаюць выходзіць на вуліцы, ці збірацца на прахадных, ці не працаваць проста ўнутры заводскіх цэхаў, а заставацца дома. І зараз я бачу ваш артыкул на Хартыі-97 “Ратуючы свае жыцці, мы ратуем краіну”. Вы сапраўды прыраўноўваеце страйк да народнага каранціну? І можа быць у гэтым адрозненне ад мінулагодняга страйку, так?
Наталля Радзіна: Калі мы бяром жнівень-верасень мінулага года, то фактычна страйку не было, гэта былі хутчэй стыхійныя мітынгі на прадпрыемствах. Рабочыя тады не ведалі, як праводзіць страйкі.
Адрозненне сітуацыі ў тым, што інфармацыйная праца ў асяродку рабочых і ўвогуле сярод грамадзян Беларусі вядзецца ўжо з сёлетняй вясны. І інфармацыі пра тое, як можна страйкаваць, вельмі шмат.
Цяпер Сяргей Дылеўскі заклікае не праводзіць, напрыклад, акупацыйны страйк на прадпрыемствах па польскім прыкладзе, а прапануецца людзям на любой падставе не прыходзіць на працу і заставацца дома. Гэта, безумоўна, будзе мець уплыў на змену сітуацыі, таму што рабочыя – гэта спецыялісты і замяніць іх складана.
Бяздзейнічаць далей немагчыма.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя