Натарыусы атрымалі права пасрэдніцтва пры рэгістрацыі юрыдычных асоб і ІП



Натарыусы атрымалі права пасрэдніцтва пры рэгістрацыі юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, паведаміла 12 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня Беларускай натарыяльнай палаты Наталля Барысенка.

Яна патлумачыла, што 26 лютага набыў моц адпаведны заканадаўчы акт. „У сувязі з гэтым натарыус у якасці юрыста-пасрэдніка мае права ўдзельнічаць у працэдуры рэгістрацыі юрыдычных асоб і ІП, а таксама пры ўнясенні змяненняў ва ўстаноўчыя дакументы юрасрб і пасведчанні аб рэгістрацыі ІП”, — адзначыла Барысенка. Паводле яе слоў, натарыус мае права правесці кансультацыі і прадставіць дакументы ў электронным выглядзе ў рэгіструючыя органы.

Пры гэтым яна заўважыла, што ніякіх асаблівасцяў пры прадстаўленні дакументаў натарыусу няма — „яны такія ж, як і для рэгіструючага органа, якія ўстаноўлены для папяровага варыянту, або праз вэб-партал Мінюста”. „Фінансавыя выдаткі пры звароце да натарыуса нават крыху ніжэйшыя, чым пры падачы папяровага варыянту. Калі ж ёсць у юрасобы электронны подпіс, дакументы можна накіраваць у рэгіструючы орган цалкам бясплатна”, — адзначыла кіраўнік палаты.

„Думаю, пры пэўных акалічнасцях паход да натарыуса можа быць выйгрышным варыянтам, паколькі можна звярнуцца незалежна ад месца знаходжання”, — сказала Барысенка.

Яна таксама паведаміла, што натарыус мае права рэгістрацыі знешняй формы электроннага дакумента.

„Цяпер мы працуем над прававым рэгуляваннем і тэхнічнымі магчымасцямі для таго, каб рабіць выканаўчыя надпісы, у рамках якіх беларускія банкі будуць мець магчымасць звяртацца да натарыусаў з электроннымі дакументамі для атрымання выканаўчых надпісаў. Яны даюць права патрабавання па крэдытных дагаворах і спагнання грашовых сродкаў з даўжніка”, — паведаміла старшыня палаты. БелаПАН