Нацбанк абвясціў новыя ўмовы крэдытавання насельніцтва
Беларускія банкі будуць крэдытаваць фізічных асоб з улікам велічыні крэдытнага цяжару на пазычальнікаў, паведаміў намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Дзмітрый Лапко, выступаючы 28 сакавіка на канферэнцыі ў Менску, арганізаванай рэйтынгавым агенцтвам Fitch Ratings.
„Планы па ўвядзенні каэфіцыента пазыковага цяжару выношвалі даўно, і цяпер гэтае рашэнне будзем рэалізоўваць. Банкам трэба будзе жыць з гэтым каэфіцыентам, ён будзе складаць 40% ад сярэднямесячнага даходу насельніцтва”, — сказаў Лапко.
Адказваючы на пытанне БелаПАН, прадстаўнік Нацбанка ўдакладніў, што гэты каэфіцыент банкі павінны будуць выкарыстоўваць у працы з 1 мая.
Банкі павінны будуць аналізаваць усе даходы пазычальнікаў і ўсе расходы, у тым ліку па мікразаймах, лізінгу і ўсіх плацяжах, якія могуць быць дадзеныя з крэдытнага рэгістра.
„Запазычанасць насельніцтва па крэдытах складае 9,3 млрд рублёў, у тым ліку 6,2 млрд рублёў — іпатэчнае крэдытаванне, 3,1 млрд — запазычанасць па спажывецкіх крэдытах. Рост спажыўкрэдытавання ў мінулым годзе збянтэжыў нас, мы асцерагаемся, што банкі могуць грэбаваць рызыкамі у працэсе крэдытавання насельніцтва”, — сказаў Лапко.
Як паведамлялася, у 2017 годзе аб’ём спажывецкага крэдытавання ў Беларусі вырас на 75%, і на пачатак гэтага года запазычанасць насельніцтва па такіх крэдытах перавысіла 3 млрд рублёў.
Аналітыкі цэнтра макраэканамічных даследаванняў расійскага „Ашчадбанка” лічаць, што хуткі рост спажывецкіх крэдытаў стаў вынікам хуткага зніжэння працэнтных ставак па крэдытах.
Так, паводле звестак Нацбанка, калі ў студзені 2017 года сярэдняя працэнтная стаўка па новых крэдытах (без уліку льготных), што выдаюцца фізічным асобам, складала 19,1% гадавых, то ў снежні 2017-га — 11,1%.
Акрамя гэтага, як лічаць эксперты, рост спажывецкага крэдытавання быў звязаны з тым, што Нацбанк у 2017 годзе дазволіў выдаваць спажывецкія крэдыты без неабходнасці падавання пазычальнікам даведкі аб даходах.
Яшчэ адну прычыну хуткага росту спажывецкага крэдытавання летась банкаўскія аналітыкі бачаць у тым, што ва ўмовах слабага фінансавага стану буйных карпаратыўных пазычальнікаў беларускія банкі перавялі ўвагу на фізічных асоб. „Пратэрміноўка ў гэтым сегменце значна ніжэйшая (0,5%), чым у іншых”, — канстатуюць аналітыкі „Ашчадбанка”. БелаПАН