Нацбанк адмяняе абмежаванні па мэтавай куплі валюты



Нацыянальным банкам Беларусі прынятае рашэнне пра адмену абмежаванняў па мэтавай куплі замежнай валюты юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацбанка.

Гэтае рашэнне прынятае „ў межах правядзення мерапрыемстваў па паэтапнай лібералізацыі валютных адносін” і замацаванае ў пастанове праўлення Нацбанка ад 28 снежня 2017 года №538 „Аб некаторых пытаннях валютнага рэгулявання і валютнага кантролю”, якая набывае моц праз тры месяцы пасля яе афіцыйнага апублікавання.

Пастановай зацверджаная новая рэдакцыя Інструкцыі аб парадку правядзення валютна-абменных аперацый, якой прадугледжана ўстанаўленне аднолькавага парадку правядзення валютна-абменных аперацый, што праводзяцца юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі на ўнутраным валютным рынку.

Так, юрыдычныя асобы—рэзідэнты змогуць ажыццяўляць набыццё замежнай валюты па неабходнасці, якая вызначаецца імі самастойна. Не ўсталёўваюцца таксама тэрміны выкарыстання набытай замежнай валюты.

Аналагічны парадак здзяйснення валютна-абменных аперацый будзе дзейнічаць і для індывідуальных прадпрымальнікаў.

У адпаведнасці з новай Інструкцыяй пры куплі замежнай валюты юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаныя будуць паказваць код накіравання выкарыстання набыванай замежнай валюты. Пры гэтым, адзначаюць у Нацбанку, указанне гэтых кодаў „будзе насіць выключна статыстычны характар і не будзе абмяжоўваць выкарыстанне набытай замежнай валюты па іншых накіраваннях”.

БелаПАН