Нацбанк аднавіў ліцэнзію „БСБ Банка” на аперацыі з фізічнымі асобамі



Нацыянальны банк аднавіў ліцэнзійныя паўнамоцтвы ЗАТ „БСБ Банк” на ажыццяўленне банкаўскіх аперацый з фізічнымі асобамі. Такое рашэнне прынята праўленнем галоўнага банка краіны 18 жніўня „з улікам праведзенай ЗАТ БСБ Банк” працы па ліквідацыі выяўленых у ходзе праверкі банка парушэнняў і недахопаў у яго дзейнасці і на падставе заявы банка”.

У прыватнасці, як паведамляе Нацбанк, з 18 жніўня пералік банкаўскіх аперацый, указаны ў выдадзенай ЗАТ „БСБ Банк” ліцэнзіі на ажыццяўленне банкаўскай дзейнасці, дапоўнены наступнымі: прыцягненне грашовых сродкаў фізічных асоб на рахункі і ва ўклады (дэпазіты); адкрыццё і вядзенне банкаўскіх рахункаў фізічных асоб; выдача каштоўных папер, якія пацвярджаюць прыцягненне грашовых сродкаў фізічных асоб ва ўклады (дэпазіты), і размяшчэнне іх на рахункі; выпуск у абарачэнне (эмісія) банкаўскіх плацежных картак фізічных асоб; давернае кіраванне грашовымі сродкамі па дамове давернага кіравання грашовымі сродкамі фізічных асоб.

Пры гэтым, згодна з рашэннем рэгулятара, ЗАТ „БСБ Банк” неабходна забяспечыць „эфектыўнае функцыянаванне сістэм унутранага кантролю (у частцы выяўлення і спынення падазроных фінансавых аперацый) і карпаратыўнага кіравання (у прыватнасці, выключэнне ўмоў узнікнення канфлікту інтарэсаў)”.

Нацбанкам будзе працягнуты маніторынг мер, якія прымаюцца ЗАТ „БСБ Банк” па выкананні гэтых рашэнняў, гаворыцца ў паведамленні.

Ліцэнзія на працу з дэпазітамі фізічных асоб была адкліканая рэгулятарам у „БСБ Банка” ў чэрвені гэтага года „з улікам выяўленых у ходзе праверкі банка парушэнняў і недахопаў у яго дзейнасці”. Пры гэтым Нацбанк не канкрэтызаваў, з чым яны звязаныя. „БСБ Банк” выказаў здзіўленне „жорсткасцю прынятага рашэння” і заявіў, што водзыў ліцэнзіі не адпавядае характару выяўленых парушэнняў.

За 10 дзён (з 16 па 25 чэрвеня) „БСБ Банк” з 55 млн рублёў, якія належаць фізічным асобам, вярнуў кліентам каля 52 млн рублёў. „На жаль, не ўсе змаглі прыйсці ў банк па грошы да гэтай даты, і на рахунках фізічных асоб у банку засталося каля 3 млн рублёў”, — канстатаваў „БСБ Банк”.

З 26 чэрвеня абавязацельствы па кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў), прыцягнутых ЗАТ „БСБ Банк”, перайшлі да дзяржаўнага Агенцтва па гарантаванай кампенсацыі банкаўскіх укладаў (дэпазітаў) фізічных асоб.

Паводле звестак БелаПАН, месяц таму, падчас сустрэчы з групай эканамістаў, прадстаўнікі Нацбанка растлумачылі, што ў камерцыйнага банка з 2009 года выяўляліся парушэнні Банкаўскага кодэкса. У ходзе апошняй праверкі было зафіксавана парушэнне 109-га артыкула кодэкса (у ім пералічаныя патрабаванні да арганізацыі карпаратыўнага кіравання банкам, унутранага кантролю і кіравання рызыкамі). Акрамя гэтага, у цэнтральнага банка існаваў яшчэ шэраг „структурных пытанняў” да камерцыйнага банку, якім трэба было даць прававую ацэнку.

У адпаведнасці з рашэннем агульнага сходу акцыянераў ЗАТ „БСБ Банк”, 4 жніўня 2017 года ў органы яго кіравання ўвайшлі былыя кіруючыя работнікі Нацбанка Сяргей Дубкоў і Надзея Ермакова.

ЗАТ „Беларуска-швейцарскі банк „БСБ Банк” па памеры актываў на 1 ліпеня 2017 года займае 17-е месца ў банкаўскай сістэме Беларусі (доля актываў банка ў банкаўскай сістэме — 0,4%). Нарматыўны капітал „БСБ Банка” на гэтую дату склаў 56,6 млн рублёў.

„БСБ Банк” ажыццяўляе сваю дзейнасць на беларускім рынку банкаўскіх паслуг з 7 кастрычніка 2002 года. Заснавальнікамі з’яўляюцца тры швейцарскія акцыянерныя таварыствы: Swiss Investment Century, Alpin Professional Investment і Profinvest Professional and Financial Investment. Інфраструктура „БСБ Банка” ўключае 10 аддзяленняў у Мінску, прадстаўніцтва ў Бабруйску, больш за 30 пунктаў абмену валют, а таксама сетку ўласных і партнёрскіх банкаматаў.

belapan.com