Нацбанк: Беларусы чакаюць росту інфляцыі
Інфляцыйныя чаканні беларусаў выраслі ў снежні ў параўнанні з вераснем. Нацбанк апублікаваў вынікі апытання, прысвечанага інфляцыйным чаканням, спажывецкім і ашчадным паводзінам насельніцтва.
Адчуваны ўзровень інфляцыі ў снежні вырас на 0,7 п. п. да 14,5%. Пры гэтым 55,4% апытаных адзначылі, што цэны выраслі вельмі моцна, 35% — умерана, а 8,4% паказалі на нязначны рост цэнаў, паведамляе REFORM.by.
Чаканы ўзровень інфляцыі павялічыўся на 0,9 п. п. да 14,2%. 65,7% рэспандэнтаў лічаць, што цэны будуць расці цяперашнімі тэмпамі, 19,5% чакалі паскарэння росту цэнаў, а 13,2% — запаволення інфляцыі. У параўнанні з вераснем вырасла доля тых, хто чакае захавання тэмпаў інфляцыі.
У снежні 65,3% рэспандэнтаў паказалі, што цяпер дрэнны час для пакупак, а 75,3% назвалі час дрэнным для пакупак у крэдыт. Доля песімістаў вырасла ў параўнанні з вераснем на 1,6 і 1,1 п.п. адпаведна.
У 38% рэспандэнтаў не было буйных выдаткаў апошнія тры месяцы, 21,6% назвалі сярод буйных выдаткаў выдаткі на лячэнне, 16,9% — куплю электронікі, 15,7% — бытавой тэхнікі, 12,9% — укладанні ў нерухомасць, у 12,7% — куплю аўтамабіля. 9,3% сярод буйных выдаткаў паказалі выдаткі на адукацыю, а 5,1% — на адпачынак.
Доля рэспандэнтаў, якія лічаць снежань добрым часам для зберажэнняў, вырасла ў параўнанні з вераснем на 1, 5 п.п. да 44, 9%. Пры гэтым доля тых, хто аддае перавагу замежнай валюце, вырасла на 1,1 п.п. да 79,6%.
Сярод формаў зберажэнняў найбольш папулярнымі застаюцца наяўныя (31,1% рэспандэнтаў), на другім месцы нерухомасць (27,9%), на трэцім золата, каштоўныя металы і страхаванне (15,7%), далей ідуць дэпазіты (12,9%) і каштоўныя паперы (8,1%). У снежні ў параўнанні з вераснем знізілася доля тых, хто абіраў наяўную форму зберажэнняў, укладанні ў нерухомасць і золата. Разам з тым павялічылася доля рэспандэнтаў, якія выказаліся за ўкладанні ў дэпазіты і каштоўныя паперы.