Нацбанк: Бюджэт на 2020 год не будзе мець праінфляцыйнага ўплыву



Рост бюджэтных расходаў у 2020 годзе не зробіць істотнага ўплыву на цэны, заявіў намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц, адказваючы на пытанні БелаПАН падчас прэс-канферэнцыі 7 жніўня ў Менску.

У сваю чаргу кіраўнік Нацбанка Павел Калаур назваў пытанне пра ўплыў бюджэтных расходаў у 2020 годзе на інфляцыю справядлівым.

„Гэтыя пытанні былі прадметам нашых дыскусій, і рызыкі расходавання бюджэтных сродкаў, назапашаных у папярэднія гады, мы ўлічвалі пры прагнозе грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год”, — сказаў Калаур.

Ён адзначыў, што праект бюджэту на 2020 год ухвалены ўрадам з улікам пазіцыі Нацбанка.

Сяргей Калечыц заявіў, што рэгулятар не чакае „праінфляцыйнага ўплыву расходаў бюджэту ў 2020 годзе”.

Ён звярнуў увагу, што праект бюджэту на наступны год сфармаваны з дэфіцытам у 1,3 млрд рублёў.

„Гэты дэфіцыт звязаны не з апераджальным ростам выдаткаў, а са зменамі ў даходнай частцы. Бюджэт вярстаецца паводле базавага, гэта значыць вельмі кансерватыўнага, сцэнарыя, закладваюцца вельмі асцярожныя падыходы, закладваецца магчымасць неатрымання шэрагу валютных паступленняў, якія былі раней”, — сказаў Калечыц.

Таму, дадаў ён, „бюджэту давядзецца задзейнічаць валютныя дэпазіты”.

„Інфляцыйныя рызыкі такі дэфіцыт не нясе”, — падкрэсліў прадстаўнік Нацбанка.

У чэрвені спажывецкія цэны знізіліся на 0,06% у параўнанні з маем. З пачатку года інфляцыя склала 2,9%. У гадавым вымярэнні інфляцыя ў чэрвені (да чэрвеня 2018 года) склала 5,7%. Афіцыйная мэта, якую раней паставіў Нацбанк, — забяспечыць інфляцыю ў снежні 2019 года на ўзроўні не больш за 5% у параўнанні са снежнем 2018-га.

На 2020 год Нацыянальны банк і ўрад таксама ставяць задачу забяспечыць інфляцыю не больш за 5%.

belapan.by