Нацбанк чакае візіту місіі МВФ у кастрычніку
Нацыянальны банк чакае, што місія Міжнароднага валютнага фонду наведае Менск у кастрычніку, паведаміў журналістам 19 верасня намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Калечыц.
„У вядзенні актыўнай фазы перамоў з МВФ утварылася паўза, аднак кантакты працягваюцца. У нас у кастрычніку адбудзецца візіт экспертаў МВФ у межах IV артыкула. Працуем па тэхнічных кірунках, тэхнічнай дапамозе, ідзе звычайная праца”, — заявіў Калечыц.
Паводле інфармацыі БелаПАН, чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду будзе працаваць у Менску на працягу двух тыдняў з 26 кастрычніка.
„Місія МВФ прыбудзе ў Менск згодна з артыкулам IV статута МВФ, які прадугледжвае рэгулярныя кансультацыі паміж краінамі — членамі фонду па макраэканамічнай палітыцы”, — раней паведаміў БелаПАН суразмоўца, знаёмы з характарам візіту.
Беларускія ўлады, паводле звестак БелаПАН, чакаюць падчас восеньскай місіі аднаўлення дыялогу з МВФ аб новай крэдытнай праграме і характары рэформаў, якія яна прадугледжвае.
Як тлумачаць улады, з фондам яны пакуль не дамовіліся аб хуткасці рэфармавання дзяржсектара і хуткасці падвышэння тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі, і на сёння існуе дамоўленасць з МВФ узяць пэўную паўзу і вярнуцца да размовы ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада.
Раней гэтую інфармацыю афіцыйна пацвердзіў прадстаўнік МВФ Вільям Мюрэй, выступаючы ў ліпені на брыфінгу ў Вашынгтоне. „Дыскусіі па крэдытнай праграме для Беларусі пакуль спыненыя ў чаканні выразнай падтрымкі неабходных зменаў на высокім узроўні, якія тычацца камунальнай гаспадаркі і сектара дзяржаўных прадпрыемстваў”, — сказаў Мюрэй.
Беларускія эканамісты тлумачаць паўзу ў перамовах з МВФ аб новай крэдытнай праграме тым, што беларускі бок пакуль не гатовы рэалізаваць прапановы фонду па глыбокім рэфармаванні сектара дзяржпрадпрыемстваў.