Нацбанк даручыў банкам забяспечыць наяўнасць валюты
Банкам Беларусі варта забяспечыць абменныя пункты замежнай валютай у аб’ёмах, якія задавальняюць павышаны попыт насельніцтва, гаворыцца ў лісце, які 25 жніўня Нацыянальны банк накіраваў камерцыйным банкам.
„З улікам павышанага попыту на замежную валюту, які назіраецца ў апошнія дні, Нацыянальны банк лічыць неабходным прыняцце з боку банкаўскага сектара ўсебаковых і вычарпальных мер па своечасовым падмацаванні абменных пунктаў, кас грашовай наяўнасцю ў аб’ёмах, неабходных для бесперабойнага правядзення валютна-абменных аперацый на працягу працоўнага дня і ажыццяўлення аперацый па продажы наяўнай замежнай валюты насельніцтву”, — падкрэсліваецца ў лісце Нацбанка.
Акрамя таго, адзначыў рэгулятар, банкам варта „больш актыўна інфармаваць грамадзян аб магчымасці здзяйснення безнаяўных валютна-абменных аперацый”, у тым ліку пры дапамозе сістэм дыстанцыйнага банкаўскага абслугоўвання і з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак, эмітаваных да рахункаў у замежнай валюце.
„Пры гэтым банкам варта ўзважана і эканамічна абгрунтавана падыходзіць да ўстанаўлення курсаў куплі і продажу замежнай валюты”, — гаворыцца ў лісце Нацбанка.
Цэнтральны банк таксама даручыў банкам своечасова інфармаваць кліентаў аб змене валютных курсаў „шляхам размяшчэння інфармацыі на адпаведных стэндах, электронных табло, афіцыйных сайтах банкаў, з дапамогай выкарыстання бягучага радка на мультымедыйных экранах”.
Варта адзначыць, што ў Беларусі ў апошні час рост курсаў замежных валют набыў пастаянны характар. Так, пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 9 жніўня, курсы долара, еўра і расійскага рубля ўжо выраслі больш чым на 5%.
Прадстаўнікі банкаўскага сектара, а таксама аналітыкі фінансавага рынку адназначна сцвярджаюць, што ў аснове росту курсаў замежных валют ляжаць унутраныя прычыны, а менавіта — рост дэвальвацыйных чаканняў у сувязі з палітычным крызісам у краіне.
„Да таго часу, пакуль будзе захоўвацца палітычная напружанасць у краіне, і ў насельніцтва будзе што канвертаваць, такая сітуацыя на валютным рынку захаваецца”, — выказаў меркаванне ў каментары БелаПАН старшы аналітык „Альпары Еўразія” Вадзім Іосуб.