Нацбанк: Індыкатары плацежаздольнасці Беларусі за 2020 год пагоршыліся



За 2020 год асобныя адносныя паказчыкі знешняга доўгу Беларусі, якія выкарыстоўваюцца ў якасці індыкатараў плацежаздольнасці краіны і ацэнкі бяспекі ўзроўню знешніх запазычанняў, пагоршыліся, гаворыцца ў бюлетэні Нацбанка, у якім прыводзяцца каментары да валавога знешняга доўгу Беларусі.

„На 1 студзеня 2021 года асобныя адносныя паказчыкі замежнай запазычанасці Рэспублікі Беларусь пагоршыліся ў параўнанні з дадзенымі на пачатак 2020 года, што абумоўлена такімі тэндэнцыямі 2020 года, як скарачэнне экспарту і паступлення валютнай выручкі ў краіну, зніжэнне аб’ёмаў міжнародных рэзервовых актываў, скарачэнне намінальнага ВУП у эквіваленце долараў ЗША”, — гаворыцца ў бюлетэні Нацбанка.

Згодна з разлікамі цэнтральнага банка, крытэрыі ўстойлівасці знешняга доўгу Беларусі змяніліся: за 2020 год адносіны валавога знешняга доўгу Беларусі да ВУП павялічыліся з 63,1% да 70,2%.

У той жа час адносіны валавога знешняга доўгу да гадавога аб’ёму экспарту тавараў і паслуг павялічылася за мінулы год з 97% да 113,8%. Валавы знешні доўг у разліку на душу насельніцтва за мінулы год вырас з 4.328, 5 долара да 4.485 долараў.

Адначасова з гэтым адбылося пагаршэнне і такога паказчыка, як адносіны золатавалютных рэзерваў да кароткатэрміновых знешніх паказчыкаў. Калі ў пачатку 2020 года міжнародныя рэзервовыя актывы пакрывалі 92,2% кароткатэрміновага знешняга доўгу, то ў пачатку 2021 года — 73,3%.

„Адмоўнае змяненне ўзроўню пакрыцця міжнароднымі рэзервовымі актывамі кароткатэрміновага знешняга доўгу абумоўлена галоўным чынам скарачэннем аб’ёму міжнародных рэзервовых актываў з 9,4 млрд долараў на 1 студзеня 2020 года да 7,5 млрд долараў на 1 студзеня 2021 года”, — каментуюць спецыялісты Нацбанка.

Пры гэтым яны канстатуюць, што за 2020 год на абслугоўванне замежнай запазычанасці (без уліку выплаты гандлёвых крэдытаў і кароткатэрміновых абавязацельстваў дэпазітных арганізацый) было накіравана 6,6 млрд долараў, што эквівалентнае 11% ВУП, або 17,8% аб’ёму экспарту тавараў і паслуг.

У тым ліку на пагашэнне асноўнага доўгу накіравана 5,2 млрд долараў, працэнтаў і іншых выплат — 1,4 млрд долараў, паведамляе Нацбанк.

Паводле дадзеных цэнтральнага банка, валавы знешні доўг Беларусі на 1 студзеня 2020 года склаўся ў памеры 40,8 млрд долараў ЗША (64,5% гадавога ВУП) і за 2019 год павялічыўся на 1,5 млрд долараў, або на 3,7%.

belapan.by