Нацбанк хоча пашырыць свае паўнамоцтвы
Нацбанк падрыхтаваў праект указа аб мерах па забеспячэнні фінансавай стабільнасці. Пра гэта намеснік старшыні праўлення Нацбанка Дзмітрый Калечыц паведаміў 27 сакавіка на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў, інфармуе БелТА.
Калечыц распавёў, што праект указа цяпер узгадняецца з асноўнымі эканамічнымі ведамствамі. „Ён змяшчае шэраг палажэнняў, неабходных для фармавання эфектыўнай нарматыўнай прававой платформы для забеспячэння фінансавай стабільнасці”, — дадаў фінансіст.
У гэтым указе ўпершыню ў Беларусі будзе замацаванае паняцце фінансавай стабільнасці. Маецца на ўвазе стан фінансавай сістэмы, пры якім банкі, іншыя арганізацыі, плацежная сістэма і фінансавы рынак выконваюць свае функцыі і могуць рабіць гэта нават пры „дэстабілізуючым уздзеянні ўнутраных і знешніх фактараў”.
Забяспечваць фінансавую стабільнасць будзе Нацбанк разам з урадам. Яны будуць каардынаваць узаемадзеянне ў рамках Савета па фінансавай стабільнасці.
Фота: БелТА
