Нацбанк хоча замацаваць сваю незалежнасць у Банкаўскім кодэксе
Для пераходу на рэжым таргетавання інфляцыі і забеспячэння цэнавай стабільнасці неабходна ўзмацніць аперацыйную і інстытуцыйную незалежнасць Нацбанка. Такая выснова ўтрымліваецца ў дакладзе намесніка старшыні Нацбанка Дзмітрыя Калечыца, апублікаваным на сайце рэгулятара.
Выступаючы на майскай канферэнцыі, ён адзначыў, што з 2015 года Нацбанк прытрымліваецца рэжыму манетарнага таргетавання, які дазволіў за кошт рэгулявання колькасці грошай у абарачэнні запаволіць інфляцыю. У будучыні плануецца перайсці на рэжым таргетавання інфляцыі, падкрэсліў Калечыц.
Новы рэжым дзякуючы працэнтнай палітыцы дазволіць утрымліваць інфляцыю на таргетаваным нізкім узроўні. „Змяняючы манетарныя ўмовы ў адказ на новую інфармацыю, цэнтральны банк уздзейнічае на чаканую інфляцыю і прыводзіць яе з часам да таргетаванага ўзроўню”, — растлумачыў Калечыц сутнасць рэжыму таргетавання інфляцыі.
Для пераходу на гэты рэжым, адзначыў ён, неабходна вырашыць шэраг задач. „Першая задача — дасягнуць пэўнага кансэнсусу ў разуменні таго, што нізкая інфляцыя — прыярытэт дзяржаўнай палітыкі і неабходная ўмова для ўстойлівага эканамічнага росту”, — сказаў прадстаўнік Нацбанка.
Паводле яго слоў, вырашэнне гэтай задачы мае на ўвазе ўнясенне асобных змяненняў у Банкаўскі кодэкс. У прыватнасці, патрабуецца „замацаванне інстытуцыйнай і аперацыйнай незалежнасці Нацыянальнага банка і павышэнне адказнасці праўлення Нацыянальнага банка за невыкананне ўстаноўленага паказчыка па інфляцыі”, адзначыў Калечыц.
„Другая задача — павысіць транспарэнтнасць цэнтральнага банка. Большая адкрытасць Нацыянальнага банка неабходная для павышэння даверу сярод усіх эканамічных агентаў”, — падкрэсліў ён.
Нарэшце, трэцяя задача, якую, паводле слоў прадстаўніка Нацбанка, трэба вырашыць для пераходу на рэжым таргетавання інфляцыі — аднавіць работу працэнтнага канала трансмісійнага механізму грашова-крэдытнай палітыкі і ўдасканаліць сістэму рэфінансавання. „У частцы ўзмацнення эфектыўнасці працэнтнага канала праводзіцца паслядоўная праца па памяншэнні аб’ёмаў дырэктыўнага крэдытавання, зніжэнні ўзроўню валютызацыі эканомікі. У тым ліку мы вядзем актыўную работу па павышэнні эфектыўнасці працы валютнага рынку і аперацый па кіраванні ліквіднасцю”, — паведаміў Калечыц.